Музыку найстарэйшага метал-гурта Беларусі будуць судзіць за "экстрэмізм"
Андрэй Старушэнка
15 студзеня ў судзе Рэчыцкага раёна будуць разглядаць справу музыкі Андрэя Старушэнкі.
Як пішуць праваабаронцы "Гомельскай Вясны", яму інкрымінуюць ч. 2 арт. 19. 11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Працэс будзе весці суддзя Юліяна Лунцэвіч.
Андрэй Старушэнка — гітарыст і адзін з лідараў найстарэйшага метал-гурта Беларусі EVTHANAZIA, заснаваным яшчэ ў 1992 годзе. Пасля свайго адраджэння ў 2014-м гурт выпусціў шэраг кліпаў на свае сінглы на беларускай мове. Таксама Андрэй арганізоўваў у Рэчыцы шматлікія фестывалі цяжкай музыкі.
Мужчына працуе галоўным энергетыкам Рэчыцкага метызнага завода — гэта адно з горадаўтваральных прадпрыемстваў. У 2021 годзе Старушэнка атрымаў ганаровую грамату Рэчыцкага райвыканкама і райсавета "за шматгадовую добрасумленную працу, значны ўнёсак у развіццё метызнай вытворчасці і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці завода".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.