Беларусь і Расія забаранілі пастаўкі жывёлагадоўчай прадукцыі з Германіі
Мяса, ілюстрацыйнае фота
Беларусь з 15 студзеня спыняе пастаўкі практычна ўсёй жывёлагадоўчай прадукцыі з Германіі, заяўляе Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду. Прычынай называецца ўспышка яшчуру ў гэтай краіне.
Пад забарону трапілі ўсе віды мяса і мясапрадуктаў, малако, гарбарная сыравіна, а таксама кармы з утрыманнем жывёльных кампанентаў. Выключэнне зробленае толькі для некаторых відаў камбікорму і фуражнага збожжа, якія прайшлі тэрмаапрацоўку.
Адначасова беларускія ўлады спыняюць дзеянне ўсіх раней выдадзеных дазволаў на ўвоз жывёлагадоўчай прадукцыі з Германіі.
Да мераў, прынятых Беларуссю, далучылася і Расія. У Рассельгаснаглядзе кажуць, што запрасілі інфармацыю ў Еўрапейскай камісіі па ахове здароўя і бяспецы харчовай прадукцыі (DG SANTE). Калі Рассельгаснагляду еўрапейскія меры бяспекі пададуцца недастатковымі, то з 20 студзеня Расія можа цалкам прыпыніць сертыфікацыю ўсёй жывёлагадоўчай прадукцыі і жывёл, якія перамяшчаюцца з ЕС у Расію, у тым ліку транзітам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.