Заяўкі на пашпарт новай Беларусі пачнуць прымаць з 26 студзеня
Узор пашпарта новай Беларусі
Падаць заяўку на пашпарт новай Беларусі можна будзе ўжо 26 студзеня падчас форму "Беларусы годныя лепшага". Пра гэта кіраўнік праекта Марыюс Гудэлайціс, які ўзначальвае Беларускі пашпартны цэнтр, расказаў у інтэрв'ю сайту "Зеркало".
"Тэхнічна дакумент адпавядае ўсім міжнародным стандартам, і па гэтым пытанні мы кансультаваліся са спецыялістамі еўрапейскіх структур і ICAO (Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі. — Рэд.)", — паведаміў Гудэлайціс. Пашпартны цэнтр ужо надрукаваў узоры дакумента для рассылкі ўрадам і дадання ў міжнародныя базы падарожных дакументаў.
Для падачы заяўкі на пашпарт новай Беларусі спатрэбіцца "стары" беларускі пашпарт і дакумент, які пацвярджае легальнае знаходжанне ў Еўрасаюзе. "Таксама неабходна зарэгістравацца на прыём. Пасля таго як заяўнік атрымае пацверджанне, ён павінен будзе аплаціць збор, здаць біяметрыю. На сайце цэнтра будзе ўся падрабязная інфармацыя", — патлумачыў Гудэлайціс. Мяркуецца, што ад падачы заяўкі да выдачы пашпарта пройдзе прыкладна тыдзень. Збор за афармленне дакумента складзе 97 еўра, аплаціць яго можна будзе анлайн. Падача заявы — толькі асабістая, але атрымаць дакумент можна будзе поштай.
Паводле кіраўніка пашпартнага цэнтра, выдача дакументаў толькі тым, хто мае дазвол на жыхарства ў ЕС — гэта вымушаная мера: "Пакуль мы ня маем магчымасьці верыфікаваць людзей, якія жывуць у іншых краінах. Але, вядома, будзем імкнуцца адкрыць такую магчымасць у будучыні".
Карыстацца новым пашпартам для падарожжаў пакуль што будзе немагчыма, бо ён яшчэ не ўключаны ў міжнародныя базы трэвел-дакументаў. "Які будзе статус у пашпарта і якія магчымасці для падарожжаў — гэта ўсё прадмет для перамоваў", — заявіў Гудэлайціс. Паводле яго, для пачатку перамоваў з краінамі былі неабходныя ўзоры дакумента, якія з'явіліся толькі цяпер.
Гудэлайціс адмовіўся адказваць на пытанне, як будзе проходзіць верыфікацыя заяўнікаў. За захаванасць даных будзе адказваць Беларускі пашпартны цэнтр. "Усё будзе зроблена па найвышэйшых міжнародных стандартах. Доступ да даных строга абмежаваны, і ніхто (у тым ліку прадстаўнікі рэжыму) не зможа даведацца, ёсць у чалавека гэты дакумент ці не", — запэўніў ён.
На першым этапе друкам пашпартоў займалася літоўская кампанія Garsų pasaulis. Аднак у Літве выбухнуў скандал праз падазрэнні ў сувязі фірмы з рэжымам Лукашэнкі. Таму Беларускі пашпартны цэнтр вырашыў рабіць фінальны друк і персаналізацыю пашпартоў непасрэдна ў сябе. Garsų pasaulis перадала закупленыя раней матэрыялы і базавыя бланкі. "Ніякага доступу ні ў Garsų, ні ў іншых падрадчыкаў да асабістых даных не будзе. Гэта самае бяспечнае і аптымальнае рашэнне", — падкрэсліў Гудэлайціс.
Гудэлайціс кажа, што ўладальнікам "сіняга" пашпарта не трэба ад яго адмаўляцца, каб атрымаць пашпарт новай Беларусі: "Ён працуе не замест, а разам з іншымі дакументамі і пакуль не замяняе іх".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.