NATO пачынае аперацыю па ахове кабеляў ў Балтыйскім моры

Караблі NATO, ілюстрацыйнае фота

Караблі NATO, ілюстрацыйнае фота / EPA

Краіны NATO пачынаюць місію Baltic Sentry ("Балтыйская варта"). Яе мэта — ахова кабеляў, пракладзеных па дне Балтыйскага мора. На працягу мінулага года адбыўся цэлы шэраг выпадкаў пашкоджання або абрыву кабеляў на дне Балтыкі.

Для патрулявання будуць накіраваныя дадатковыя вайсковыя караблі, самалёты і дроны, заявіў генсакратар Паўночнаатлантычнага альянсу Марк Рутэ на саміце ў Хельсінкі, перадае Бі-Бі-Сі. Аднак ён адмовіўся сказаць, колькі менавіта караблёў, самалётаў і асабістага складу вылучана на гэтыя ўзмоцненыя патрулі. Рутэ заявіў, што лічбы могуць рэгулярна мяняцца.

Краіны NATO падазраюць Расію ў гібрыднай вайне на Балтыцы. Выяўляецца яна, у прыватнасці, у пашкоджаннях падводных кабеляў. Рутэ назваў леташнія інцыдэнты "сур'ёзнымі падставамі для турботаў". Ён паабяцаў, што NATO будзе рэагаваць на такія інцыдэнты больш жорстка. Патрулі будуць часцей спыняць і правяраць падазроныя караблі, а пры неабходнасці і арыштоўваць іх.

Падводная інфраструктура важная не толькі для электразабеспячэння, але і для сувязі. Паводле генсакратара NATO, праз 1,3 млн км кабеляў праходзіць больш за 95% усяго інтэрнэт-трафіку. Праца гэтых кабеляў забяспечвае і правядзенне фінансавых аперацый: іх штодзённы аб'ём ацэньваецца прыкладна ў 10 трлн долараў.

Толькі ад пачатку лістапада былі зафіксаваныя тры выпадкі пашкоджання падводных кабеляў. Спярша быў перарваны кабель паміж Швецыяй і Літвой, потым — паміж Германіяй і Фінляндыяй, а пад канец снежня былі перабітыя адразу некалькі кабеляў, пракладзеных паміж Фінляндыяй і Эстоніяй.

Заходнія палітыкі не вінавацяць Расію наўпрост, але канстатуюць невыпадковасць такіх інцыдэнтаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі