Найбуйнейшая партыя Еўрапарламента не будзе прызнаваць "выбары" ў Беларусі
Еўрапейская народная партыя, ілюстрацыйнае фота
Еўрапейская народная партыя (ЕНП) не будзе прызнаваць "выбары" ў Беларусі. Пра гэта гаворыцца адмысловай рэзалюцыі ЕНП, прынятай 14 студзеня па выніках палітычнай асамблеі партыі.
Цяперашнія "прэзідэнцкія выбары" ў дакуменце называюцца фарсам. ЕНП заяўляе, што не прызнае іх, як не прызнала выбары 2020 года, "якія прывялі да неверагоднай эскалацыі гвалту рэжыму супраць уласнага народа".
У рэзалюцыі тлумачацца прычыны такога рашэння: "Кандыдатам ад апазіцыі забаронена ўдзельнічаць у выбарах, свабода СМІ жорстка абмежаваная, выбарцы зазнаюць запалохванне, незалежнае назіранне за выбарамі адсутнічае. Еўрапейская народная партыя недвухсэнсоўна заяўляе, што гэтыя "выбары" нельга лічыць свабоднымі ці справядлівымі".
Таксама ЕНП асуджае працяглыя рэпрэсіі ў Беларусі і нагадвае пра палітвязняў. У тэксце рэзалюцыі гаворыцца, што напярэдадні так званых "выбараў" у Беларусі працягваюцца рэпрэсіі і новыя арышты.
ЕНП заяўляе пра сваю падтрымку народа Беларусі "ў яго барацьбе за сувэрэнную, дэмакратычную і квітнеючую Беларусь".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.