Як украінскі "Шчэдрык" стаў самай вядомай каляднай песняй
Аўтар знакамітага "Шчодрыка" Мікалай Леантовіч
Гэтую песню чуў амаль кожны. Яна гучыць і ў "Адным дома", і нават у "Паўднёвым парку". "Carol Of The Bells" — бадай, самая знакамітая калядная песня. І на самой справе яна ўкраінская — проста ў свеце ў асноўным ведаюць англійскі пераклад кампазіцыі, якая ў арыгінале называецца "Шчэдрык" (Щедрик).
"Шчэдрык" напісаў кампазітар Мікалай Леантовіч, нават зрабіў пяць варыянтаў. Магчыма, быў бы і шосты, яшчэ больш дасканалы, але ў студзені 1921 года аўтар загінуў. Паводле савецкай версіі, Леантовіча застрэліў рабаўнік ці пятлюравец, згодна з сучаснай — бальшавіцкі чэкіст.
Старэйшая дачка кампазітара, Галіна Леантовіч, памерла ў Тульчыне Вінніцкай вобласці ў 1980 годзе. На момант гібелі бацькі ёй было 18 гадоў. У ноч забойства яна спала ў суседнім з бацькам пакоі — не магла не ведаць фактаў. Але ці дзялілася яна імі з кімсьці — невядома.
Галіну пахавалі ў Тульчыне за дзяржаўны кошт. На гарадскіх могілках ёсць магілы яе маці і сястры, але ідэнтыфікаваць іх немагчыма. Таксама невядомым застаецца месца пахавання бацькі Леантовіча — святара Дзмітрыя. Ды і наогул многія абставіны жыцця і смерці кампазітара альбо заблытаныя, альбо нявысветленыя.
hromadske з'ездзіла ў Тульчын, дзе з 1908 года жыў кампазітар, і ў Маркаўку, якая стала месцам яго гібелі, каб праліць святло на яго гісторыю.
Жонка саромелася пры ім граць
У Тульчыне знаходзіцца дом-музей Мікалая Леантовіча — у адрозненне ад іншых месцаў, дзе жыў кампазітар, тут усё захавалася.
Да нараджэння Мікалая ў сям'і Леантовічаў было пяць пакаленняў святароў. Мікалай скончыў Шаргародскае духоўнае вучылішча, духоўную семінарыю ў Камянцы-Падольскім, але дынастыю не працягнуў. У яго пасведчанні аб заканчэнні семінарыі красуюцца тройкі — і толькі за царкоўныя спевы пяцёрка.
Нотнай грамаце, спеву і ігры на музычных інструментах яго навучыў бацька. Пасля семінарыі Мікалай пайшоў у настаўнікі — выкладаў у сельскіх школах і вучылішчах. Паралельна атрымаў званне кіраўніка царкоўнага хору ў рэгенцкім класе прыдворнай капэлы ў Санкт-Пецярбургу.
У гэты час Леантовіч ажаніўся з Клаўдзіяй Жаўткевіч. Яна была дачкой святара з Валынскага сяла Падлессе. У 1902-м годзе яны пажаніліся, а ў 1903-м ужо сталі бацькамі маленькай Галінкі. Наступныя чатыры гады Леантовічы правялі ў Пакроўску, дзе Мікалай выкладаў у чыгуначнай школе.
"У Пакроўску нарадзіліся яго малодшыя дзеці — Надзя і Уладзімір. І вось: сын-немаўля памірае, Клаўдзія цяжка хварэе і доўга лечыцца ў Екацярынаславе. Леантовіч кіруе рабочым хорам, а яго сябар удзельнічае ў антыўрадавых выступах. Гэта цягне за сабой прычэпкі паліцыі, праз якія кампазітар з сям'ёй пераязджае ў Тульчын", — расказвае дырэктака музея Святлана Лукашэнка.
Чаму ў Тульчын? Таму што ў мясцовым жаночым епархіяльным вучылішчы якраз было месца выкладчыка музыкі і спеваў. Леантовіч зараз жа арганізаваў хор. Па яго просьбе дзяўчыны прывозілі са сваіх вёсак тэксты і напевы народных песень, разнастайныя этнаграфічныя матэрыялы. Падпісвалі любімаму настаўніку свае фатаграфіі, вышывалі яму кашалькі — зараз гэта ўсё ў экспазіцыі музея.
Нотныя запісы сабраных песень Леантовіч складваў у спецыяльную валізу, якая таксама ёсць сярод экспанатаў. Па ўспамінах дачкі Галіны, калі бацька адкрываў валізу і прайграваў запісы на піяніна, ніхто не мусіў адцягваць яго ўвагу. Хіба што жонка ціхенька прыносіла гарбату…
"Бацькі Леантовіча мелі добры слых і галасы, выдатна спявалі, як і яго сёстры. Так што ён не зносіў, калі хтосьці з вучаніц фальшывіў спяваючы або іграючы на музычных інструментах. Не крычаў, проста глядзеў на сваю вучаніцу, якая ўзяла няправільную ноту, і ўвесь чырванеў. А жонка пры ім нават ніколі не садзілася за піяніна, каб не раздражняць мужа", — расказвае Святлана.
Леантовічы памянялі ў Тульчыне 7 кватэр. У той, пяціпакаёвай, дзе знаходзіцца музей, Леантовіч напісаў трэці, чацвёрты і пяты варыянты "Шчэдрыка". На думку Святланы Лукашэнкі, "Шчэдрык" упершыню прагучаў менавіта ў Тульчыне — яго выканаў хор вучаніц Леантовіча на Каляды 1915 года ў царкве епархіяльнага вучылішча.
У студзені 1921 года Леантовіч надзеў пашытае Клаўдзіяй з абрэзкаў сукна паліто, такія ж, зробленыя рукамі жонкі, шапку і штаны, узяў у дарогу калачоў — і пайшоў з тульчынскага дома. Планаваў на некалькі дзён — атрымалася, што назаўжды.
Чэкісты, міліцыянеры і забойца
Увечары 22 студзеня 1921 года, калі Мікалай гасцяваў у бацькі ў Маркаўцы, незнаёмы мужчына папрасіўся да іх пераначаваць. Яго пусцілі: дзе ж падарожніку шукаць прытулку, калі не ў доме святара? Пад раніцу гэты мужчына забіў кампазітара стрэлам у жывот.
Гэта — хрыбет гісторыі, якая больш чым за 100 гадоў абрасла дэталямі, якія зараз і не праверыш. Версій шмат.
Па словах першага дырэктара музея Леантовіча ў Маркаўцы Вольгі Каргіной, музейныя работнікі ў савецкія часы не акцэнтавалі ўвагі на забойстве кампазітара — адзначалі, што смяротны стрэл здзейсніў бандыт, каб абрабаваць сям'ю святара.
Ужо ў часы незалежнасці знайшоўся рапарт начальніка Гайсінскай павятовай міліцыі да начальніка Падольскай губернскай міліцыі. У ім гаварылася, што ў ноч на 23 студзеня агент павятовай ЧК Афанасій Грышчанка забіў 43-гадовага сына святара вёскі Маркаўка Мікалая Леантовіча, а 26 студзеня, калі міліцыя спрабавала затрымаць Грышчанку ў мястэчку Тэплык, ён параніў міліцыянта і ўцёк. У адказ Гайсінская павятовая ЧК прапанавала загадчыку Гайсінскім павятовым крымінальным вышукам затрымаць Грышчанку і даставіць яго ў следчую частку павятовай ЧК. Ці знайшлі Грышчанку — невядома.
Калі Грышчанка быў чэкістам, чаму тады ён страляў у міліцыянта і ўцякаў? Няясна. Але калі Леантовіча забіў усё ж такі чэкіст, значыць, савецкая ўлада лічыла кампазітара ворагам. Тады чаму яна дазваляла яму жыць у "буржуйскіх" 5 пакоях? Чаму 1 лютага 1921 года, на 9-ы дзень пасля гібелі кампазітара, улады дазволілі кіеўскай мастацкай інтэлігенцыі стварыць камітэт памяці Мікалая Леантовіча?
"Да прыходу бальшавікоў Мікалай Леантовіч меў цесныя сувязі з дзеячамі УНР. Ён уваходзіў у склад Сінода Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. "Шчэдрык" і іншыя яго творы ў розных краінах свету выконвала харавая капэла Аляксандра Кошыца, адкамандзіраваная Пятлюрай за мяжу для ўзмацнення культурнай дыпламатыі і збору сродкаў на войска УНР.
Капэла з шалёным поспехам выступала амаль у двух дзясятках краін Еўропы і ў Амерыцы. І ўсюды прадстаўляла Леантовіча менавіта як украінскага кампазітара. Такім чынам, улада магла ўспрымаць Леантовіча як пятлюраўца. А потым выкарыстала яго творчасць на сваю карысць", — кажа Святлана Лукашэнка.
Хавалі Леантовіча 25 студзеня ў 5 гадзін вечара. Завіруха была такая моцная, што і на крок наперад не было відаць. У свой час падрабязнасці пахавання можна было б даведацца ў Галіны Леантовіч. Але, як расказвае Вольга Каргіна, Галіна неахвотна ішла на кантакт з музейшчыкамі.
Ад музея кампазітара ў Маркаўцы да могілак вядзе брукаваная дарожка. З яе да сімвалічнай магілы Леантовіча заварочвае алея, абсаджаная калінай, самшытам, ніцай шаўкоўніцай.
Абеліск, чатыры гранітныя стэлы, а над імі — нотны стан з нотамі "Шчэдрыка". Так магіла Леантовіча выглядае пасля праведзенага ў 2016 годзе добраўпарадкавання.
"Гэты абеліск у Маркаўцы не з'яўляецца сапраўднай магілай Леантовіча. Кампазітар дакладна пахаваны на старых могілках, але дзе менавіта? Ніхто аналіз ДНК не праводзіў", — кажа Святлана Лукашэнка.
Пасля забойства Леантовіча чэкісты канфіскавалі сотні лістоў яго нотных рукапісаў — іх не столькі рэдагавалі, колькі цэнзуравалі і спрашчалі. Зараз знайсці арыгіналы твораў кампазітара — вялікае шчасце для даследчыкаў.
У 2019 годзе, перабіраючы нотныя зборнікі Леантовічаў, у тульчынскім музеі знайшлі арыгінал рукапісу песні "Зоре мая вечірняя" на вершы Тараса Шаўчэнкі. Невялікі ліст, дробным макам рассыпаныя ноты. У правым верхнім куце— подпіс Леантовіча. У левым — надпіс алоўкам для выканаўцаў: "Сціха". Нібы прарваўся да нас праз усе савецкія зачысткі і скажэнні.
Пры падтрымцы "Медыясеткі"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.