У Горках работнікам хочуць выдаваць заробак амаль пратэрмінаванай грэчкай
Грэчка, ілюстрацыйнае фота
Горацкі райвыканкам прапаноўваў выдаваць сяльчанам пратэрмінаваныя грэцкія крупы ў кошт заробку, заўважыў рэгіянальны сайт orsha.eu.
У 2023 годзе КУП "Горацкі элеватар" займалася перапрацоўкай грэчкі. Потым гатовы прадукт планавалі прадаваць наўпрост спажыўцам. Але ніхто грэчку не купляў. У выніку на элеватары назапасілася 166 тон 531 кг грачаных крупаў у мяхах па 50 кг.
Летась перапрацоўку грэчкі спынілі. Але было неабходна рэалізаваць крупы, у якіх заканчваўся тэрмін прыдатнасці. Горацкі райвыканкам прапанаваў, каб грэчку загадалі набыць сельгаспрадпрыемствам Магілёўшчыны — для харчавання работнікаў, а таксама ў кошт заробкаў. Гэтую прапанову падтрымаў Магілёўскі аблвыканкам. У выніку частку крупаў удалося размеркаваць.
Аднак на элеватары засталася частка прадукцыі, у якой тэрмін прыдатнасці складаў менш за месяц. Кіраўніцтва прадпрыемства зноў звярнулася ў Горацкі райвыканкам, каб мясцовым сельгасарганізацыям загадалі купіць грэчку. У тым ліку для выдачы круп у кошт заробкаў працаўнікам.
Раней "Горацкі элеватар" сам звяртаўся з такой прапановай да сельскагаспадарчых арганізацый. Аднак самі яны адмаўляюцца купляць практычна пратэрмінаваныя крупы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.