Чаму ў Беларусі амаль няма снегу? Кліматолаг тлумачыць прычыны і наступствы
У Беларусі зменшылася колькасць снегу
За апошнія некалькі гадоў у Беларусі зменшылася колькасць снегу. Зірнуўшы за акно ў сярэдзіне студзеня, разумееш, што белага палатна, а тым больш гурбаў, як раней, няма. Ды і маразоў таксама.
Звыклай зімы ў Беларусі больш не будзе? З чым гэта звязана і якія наступствы могуць быць, Еўрарадыё расказвае кліматолаг Уладзіслаў Шумак.
“Тэмпература паветра ў Беларусі перавышае норму дзесьці амаль на 2 градусы”
Снегу ў Беларусі сапраўды ўсё меней, і па большай частцы, лічыць кліматолаг, гэта звязана са скарачэннем кліматычнай зімы ў нашым рэгіёне.
— Кліматычная зіма — гэта перыяд года, калі сярэднесутачная тэмпература пераходзіць праз ноль і становіцца адмоўнай. Яна наступае, калі паверхня ад сонца награваецца не так моцна, а паветраныя масы змяняюць рух. Якраз у лістападзе ў Беларусь прыходзіць халоднае арктычнае паветра, і на працягу сутак дыяпазон тэмператур можа дасягаць 10 градусаў.
Па словах эксперта, кліматычная зіма ў Беларусі, пачынаючы з 1989 года, у сярэднім зменшылася на 8-10 дзён у параўнанні з нормай, якая існавала раней.
— Напрыклад, у раёне Брэста кліматычная зіма цяпер складае ўсяго каля 60 дзён, а ў раёне Віцебска — больш за 100 дзён. Яшчэ 20 гадоў таму снег ляжаў з пачатку снежня і да канца сакавіка, а цяпер у некаторых раёнах Беларусі працягласць снегавога покрыву скарацілася нават да 20 дзён — у асноўным гэта назіраецца па захадзе і паўднёвым захадзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.