Магчыма, варта было б палепшыць гэтыя зносіны, але ёсць нюанс. Я часта кантактую з былымі камандзірамі палка Каліноўскага і заўсёды кажу, што ва Украіне сапраўдную свабодную Беларусь прадстаўляюць хлопцы з палка. Таму можна сказаць, што полк Каліноўскага — гэта сцяг свабоднай Беларусі тут, ва Украіне. Гэта тыя людзі, якія ваююць за Украіну.
Калі Украіна хоча дачыняцца з палком, то... з якім менавіта?
— Але полк, на жаль, неаднастайны. Унутры структуры было шмат праблем, быў канфлікт кіраўніцтва палка з рэальнымі ваярамі, якія, уласна, і абараняюць Украіну. З кім з іх Украіна гатовая размаўляць?
— Глядзіце, у любой беларускай арганізацыі ёсць праблемы. Так было ў 90-х гадах, так працягваецца дагэтуль. Тым больш, ідзе вайна, гэта нармальны працэс. Ёсць нейкія нюансы, я таксама гэтыя працэсы бачу, ведаю, але полк ваюе сёння на фронце, таму з сённяшнім кіраўніцтвам палка Украіна вядзе тое ці іншае супрацоўніцтва.
Стратэгію па Беларусі мы распрацоўвалі разам з былым камандзірам палка Дзянісам Прохаравым і Вадзімам Кабанчуком. Я не бачу праблем. Тое, што ёсць нюансы — так яны і ва ўкраінскіх Узброеных сілах ёсць. Гэта нармальна, з майго гледзішча.
— Беларускае грамадства часта абвінавачвала дэмсілы ў тым, што за тры гады вайны яны не знайшлі ва Украіне чалавека, з якім маглі б кантактаваць. Вы маглі б быць такім чалавекам?
— Я не магу быць такім чалавекам, бо афіцыйныя перамовы ў нас вядзе прэзідэнт, міністр замежных спраў і гэтак далей. Тое, што ў дэпутатаў парламента ёсць пэўныя паўнамоцтвы, — гэта без сумневу. Я, дарэчы, сустаршыня міжфракцыйнага аб'яднання "За дэмакратычную Беларусь" у нашым парламенце.
І як парламентарый я дачыняюся з многімі людзьмі. Напрыклад, той жа Франак Вячорка — гэта чалавек, якога я даўно ведаю. Не так даўно, знаходзячыся ў Рыме, я гутарыў і са Святланай Ціханоўскай. То-бок камунікацыя ёсць.
Але паглядзім, што будзе далей, бо ўсё ж такі ключавыя напрамкі камунікацыі курыруе Офіс Прэзідэнта, непасрэдна Уладзімір Зяленскі. Там прымаюцца рашэнні.
— Выступаючы ў Радзе, вы сказалі, маўляў, хацелі б, каб у Кіеве беларусы пачуваліся гэтак жа спакойна, як у Варшаве і Вільні. Мы далёка ад гэтага?
— Пакуль, на жаль, так. Існуе негалосная пазіцыя, што не варта палягчаць знаходжанне беларусаў тут, ва Украіне. Лічу гэта памылкай.
Я думаю, пасля нашай перамогі, пасля заканчэння вайны было б добра, калі б людзі, якія з'ехалі з Беларусі, змаглі спыніцца ў Кіеве, каб тут быў адзін з цэнтраў дэмакратычнай Беларусі.
Сёння гэта ваенны цэнтр. Але па колькасці беларускіх устаноў у Варшаве, у Вільні мы відавочна саступаем. Я хацеў бы, каб мы змянілі гэтую сітуацыю.
“Людзі не асабліва адрозніваюць Беларусь і рэжым Лукашэнкі”
— Вы нарадзіліся недалёка ад мяжы з Беларуссю — як у вашых краях цяпер ставяцца да нас?
— Ну, давайце будзем сумленныя, усё змянілася. Жыхары Украіны месяцамі жылі ля мяжы, чакаючы нападу з боку Беларусі. І гэты сцэнар быў цалкам рэалістычным. Калі раней і былі нейкія стасункі з беларусамі, а нехта нават хваліў Лукашэнку, то ўсё гэта ў адзін момант знікла.
Якое жыць на гэтых тэрыторыях? Гэтак жа, як цяпер жывуць у Харкаве, у Сумах, у Дняпры. Сёння няма бяспечных зон.
Людзі не асабліва гэта адрозніваюць: рэжым Лукашэнкі і саму краіну Беларусь, саміх беларусаў. Мала хто ведае пра зняволеных, якія сёння знаходзяцца за кратамі.
За кратамі цяпер сядзяць і мае беларускія сябры. Мой першы візіт у Беларусь адбыўся ў 2003 годзе. Я ў якасці госця быў на з'ездзе "Маладога Фронту". І вось праз два гады, пасля нашай Аранжавай рэвалюцыі, мы з калегамі з арганізацыі "Нацыянальны Альянс" прыехалі на акцыю "Чарнобыльскі шлях". Там нас затрымалі, мы праседзелі дзесяць сутак, абвясцілі галадоўку — гэта быў мой, на жаль, апошні візіт у Беларусь.
Адзін з тых, каго затрымлівалі са мной у Беларусі, загінуў на фронце, другі ваюе проста цяпер.