"Як ты?" Тры кантузіі і разрыў з сям'ёй — гісторыя беларуса, што ваюе за Украіну

Эміль / фота з архіва суразмоўцы Еўрарадыё / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
У Эміля, байца беларускага падраздзялення полк Каліноўскага ва Украіне — тры кантузіі. І нягледзячы на гэта, яго дагэтуль не "спісалі".
— Па-добраму я мусіў спісацца яшчэ летам 2023 года, але вырашыў гэтага не рабіць. Было шмат працы, я думаў, што яшчэ змагу пратрымацца на таблетках. Але цяпер стан здароўя ўжо не дазваляе мне працягваць службу.
Мяне адправілі на ВЛК (камісія, якая ацэньвае стан здароўя вайскоўца). Доктар паглядзеў у дакументы, здзівіўся, сказаў: ну, малайчына, што паўтара года пратрымаўся.
У выніку камісія ўсё роўна вырашыла, што Эміль прыдатны для вайсковай службы. Цяпер ён жыве ў Кіеве і спрабуе абскардзіць рашэнне ВЛК. Ён мог бы і проста звольніцца, бо ён добраахвотнік і грамадзянін іншай краіны. Але вайсковы білет — адзіны дакумент, які дае яму права знаходзіцца на тэрыторыі Украіны. Без яго Эмілю давядзецца пакінуць краіну.
Калі Эміль прыехаў ва Украіну, яму толькі-толькі споўніўся 21 год. Гэты прыезд каштаваў яму адносін з сям'ёй. Ніхто з блізкіх не падтрымаў яго рашэння, і ён не камунікуе ні з кім з іх. Але да гэтага часу спадзяецца, што яшчэ ўбачыцца са сваімі двума дзецьмі і зможа пагаварыць з імі.
Гэта шостая гісторыя з цыклу Еўрарадыё "Як ты?" Беларускія добраахвотнікі расказваюць вам гісторыі, якіх з розных прычын не расказвалі сваім блізкім.
“На фоне таго, што мне ў "Макдональдсе" расказалі ўкраінцы... я адразу зразумеў, што паеду”
Пабрацімы ведаюць Эміля пад пазыўным Бабёр. Падчас першага баявога выхаду ў Мікалаеўскай вобласці каля беларуса ўпаў і не разарваўся танкавы снарад. З таго часу Бабра празвалі "супрацьтанкавым бабром".
— Калі шчыра, я ніколі не думаў, што траплю на вайну, што ўбачу, як гінуць людзі ў Бахмуце. Убачу, як гінуць цывільныя, як прылятаюць ракеты, не думаў, што па мне будуць страляць. Калі б мне такое расказалі пра маю будучыню, я б спытаў — ды вы чаго, прыколваецеся? — кажа Эміль, калі сустракаецца з нашымі калегамі ў Кіеве.
У яго былі іншыя планы — стаць праграмістам. Ён вучыўся ў БДУІР, кажа, разлічваў, што да 25 гадоў будзе займацца распрацоўкай гульняў ці праграмнага забяспечання ў "якой-небудзь добрай кампаніі". Адзінае, што спраўдзілася — Бабёр аказаўся ў "добрай кампаніі" пабрацімаў.
Ён удзельнічаў у пратэстах 2020 года ў Беларусі і разумеў, што рана ці позна сілавікі прыйдуць і па яго. Таму сабраў грошы, якія маці і дзядуля давалі яму на аплату навучання, і выехаў у Польшчу. Там яго і заспела вайна.
— Я працаваў у "Макдональдсе" і 24 лютага вярнуўся з начной змены. Я быў так стомлены, што не чытаў навінаў, і толькі калі ўвечары таго дня прыйшоў на працу, мне расказалі — вайна. Я памятаю твары ўкраінцаў, з якімі працаваў. І памятаю, што быў у жаху. А потым яшчэ і даведаўся, што напад рыхтаваўся з боку Беларусі.
Прыйшоў з працы. Мы пачалі абмяркоўваць гэта з таварышам. Ён паказвае: глядзі, беларусы ва Украіне нейкую роту стварылі. А на фоне таго, што мне ў "Макдональдсе" расказалі ўкраінцы... я адразу, відаць, зразумеў, што паеду туды — проста патрэбны быў час, каб пагадзіцца з гэтым рашэннем.
Эміль кажа, што ў яго заўсёды былі складаныя адносіны з сям'ёй. Яго першае дзіця нарадзілася, калі Эмілю было 16 гадоў, таму ён сутыкнуўся з булінгам у каледжы. Адзіным чалавекам, які заўсёды яго падтрымліваў, быў дзядуля. Але дзядулі больш няма.
— Я патэлефанаваў бацьку, калі ехаў з Гданьска. Кажу: такая тэма, тата, я еду ва Украіну. У мяне не было асаблівага жадання гэта абмяркоўваць. Ён сказаў, што я еб***ы, так што, відаць, у яго таксама. Але мне хацелася, каб бацькі былі ў курсе гэтага этапу майго жыцця.
“Капаў і думаў: навошта я сюды прыперся, што робіцца?”
Калі мы просім Бабра расказаць гісторыю пра страх, ён згаджаецца падзяліцца толькі адным эпізодам. Страшна было ў самым першым баі.
— Быў момант, калі мы прыйшлі на пазіцыю, а Мыш (Міраслаў Лазоўскі), камандзір нашай групы, сказаў: капайце тут акопы. Я кажу: нафіг капаць акоп, мы ж зараз пагонім іх да Масквы. Але аказалася, што праціўнік ужо нас засек, і мы былі на прыцэле. Па нас пачала працаваць артылерыя, пачаўся мінамётны абстрэл. І гэты свіст у мяне яшчэ тыдзень стаяў у вушах. Потым праляцелі два самалёты і скінулі касетныя боепрыпасы. І вось ад касетных боепрыпасаў у мяне ўжо страх перайшоў мяжу, і я думаў: блін, нахрана я сюды прыехаў?
І я ўзяў рыдлёўку і пачаў капаць. Капаў так люта, што трапіў лапатай сабе па назе, парваў штаны, памятаю. Капаў і думаў: божа, навошта я сюды прыперся, што робіцца?
Мы прабылі пад пастаянным абстрэлам пяць ці шэсць гадзін з кароткімі прамежкамі на адну ці дзве хвіліны. Так скажам, на перакур.
Але потым, ужо пасля бою, я думаў: ну, акей, бывае. Проста я не быў да гэтага гатовы. Я ведаў, што па нас будуць страляць, але не ведаў, што столькі — і што снарадамі такога тыпу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.