“Як ты?” Беларуска дапамагае ўкраінцам, а яе дзеці не ведаюць, што ў Кіеве вайна

Марына Кіявец / @rubanau_collage
Шматдзетная маці Марына Кіявец пераганяе з Польшчы машыны для ўкраінскіх вайскоўцаў. Яе малодшыя дзеці не ведаюць, што ў Кіеве, куды раз на месяц ездзіць маці, ідзе вайна.
Калі мы пытаемся пра Украіну, Марына з непакоем паглядвае на незачыненыя дзверы. У суседнім пакоі — яе дзеці.
— Я не кажу ім падрабязнасцяў, каб яны не турбаваліся. Яны дастаткова перажылі, калі бачылі, як мяне затрымліваюць беларускія сілавікі. Але старэйшы… Ён усё разумее.
Марына перачытвае перапіскі з дзецьмі. Калі яна ў дарозе, яны намагаюцца не турбаваць яе лішні раз званкамі, але ўвечары абавязкова спісваюцца: “Люблю вас” — “І мы цябе”.
Каб малодшы сын не баяўся праз маміны паездкі, яна паабяцала яму, што аднойчы абавязкова пакажа Кіеў. Марына не казала, што найперш у Кіеве павінна скончыцца вайна, і цяпер хлопчык чакае гэтага падарожжа.
Гэта другая гісторыя з новай серыі Еўрарадыё “Як ты?”. Беларускія добраахвотнікі і валанцёры ва Украіне паказваюць перапіскі са сваімі блізкімі людзьмі. І распавядаюць нам пра тое, чаго недагаворваюць, калі запэўніваюць сваякоў, што ў іх усё добра.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.