“Не буду губопкусам!” На маму надзелі кайданкі пры дзецях. Яна звезла іх за мяжу

Шматдзетная мама з Іванава цяпер таксуе па начах у Беластоку. Яе сям'і патрэбная дапамога / Euroradio

Шматдзетная мама з Іванава цяпер таксуе па начах у Беластоку. Яе сям'і патрэбная дапамога / Euroradio

Калі пяцігадовы Ягор не слухаецца маму Марыну, яна кажа:

— Ягорка, ты што, хочаш быць як амонкусы і губопкусы?

— Не! — крычыць Ягор і крыўдзіцца.

Год таму Ягор прыйшоў дахаты — а мамы не было. Дома ўсё было перавернута. “Амонкусы і губопкусы” ўчынілі ператрус: высыпалі соль з сальніц, раскідалі маміна адзенне. А саму маму — Марыну Кіявец — забралі на “суткі”.

Пасля “сутак” Марыну звольнілі, і спецыялістка з вышэйшай адукацыяй больш не змагла знайсці ў Іванаве на Палессі ніякай працы. Яе не бралі нават у службу таксі.

Цяпер Марына таксуе ў Беластоку. Яе працоўны дзень пачынаецца ўвечары. Яна не спіць усю ноч, бо ўначы Bolt дае больш заказаў. У Марыны трое дзяцей — і апроч іх у Польшчы ў яе нікога няма.

Трэба плаціць за жыллё, за заняткі сярэдняга сына Сашы з псіхолагам — у яго падазрэнне на аўтызм. Калі вы хочаце дапамагчы сям’і, можаце зрабіць гэта тут ці тут.

 

Сёння, Беласток. Марына працуе ў таксі, каб падняць трох дзяцей

Марына сустракае нас ля вакзала ў Беластоку. На даху сіняга арэнднага аўто — жоўтая лямпа “Taxi”. Тым часам па Іванаве ходзяць чуткі, што шматдзетная маці ўжо набыла ў Польшчы машыну і сядзібу.

“Не буду губопкусам!” На маму надзелі кайданкі пры дзецях. Яна звезла іх за мяжу
Марына Кіевец сустракае нас за рулём таксі / Euroradio

— За якія грошы? — смяецца Марына, якая не спала ўсю ноч перад нашым інтэрв’ю, каб папрацаваць у гадзіну пік.

— Дзеці не баяцца без вас класціся спаць?

— Ягор спачатку крыўдаваў — ой, мама, зноў ты надоўга… Яму заўсёды хочацца, каб я была побач, хочацца “пажалецца”, як ён кажа. Але цяпер ужо і ён прызвычаіўся. Пакуль ёсць заказы — трэба працаваць.

Самыя страшныя ночы без мамы дзеці Марыны ўжо перажылі. Сярэдні сын бачыў, як на маму надзяваюць кайданкі. Марына памятае, як страшна ён тады закрычаў. Калі яна выйшла з ІЧУ, Саша спытаў: “Мама, чаму ніхто нічога не рабіў, каб табе дапамагчы?”

 

Год таму. Іванава. Амонкусы і губопкусы прыходзяць з ператрусам

У той дзень Марына прачнулася ад брэху свайго сабакі.

— А ён ніколі не брахаў. Я заўсёды казала: Берта, ну ты проста як кот. І тут я чую сабачы брэх.

Марына выйшла з дому. Вароты былі адкрытыя.

— І нехта зайшоў. Я выбегла на двор, губазікавец мне нешта кажа, а я не чую. Не чую, бо бачу, што на маю Берту настаўлены аўтамат. Проста ёй у лоб. Я толькі паспела крыкнуць: не страляйце! Я зараз прычаплю яе, прыбяру — толькі не страляйце! Яшчэ б трохі — і я б босая пабегла.

Марына пасадзіла сабаку на ланцуг, але Берта парвала яго — спрабавала абараніць гаспадыню.

Як праходзіў ператрус

— Я не ведаю, для чаго яны рабілі ператрус. Можа, шукалі сімволіку?

Сілавікі палезлі да Марыны ў шафу, але і там сімволікі не было — толькі чырвона-белы касцюм.

— Ён бачыць гэтую чырвона-белую тканіну на палічцы, узрадваўся, вочы загарэліся! Ён хапае гэты касцюм, і тут штаны падаюць уніз, толькі майка застаецца ў руках. Расчараваўся, раззлаваўся, кінуў.

Усю маю ніжнюю бялізну расклалі па ложку. Я не ведаю, для чаго гэта было. Можа, ім нечага не хапае?

Марына пачула, як дадому вярнуўся муж. Але гэта зрабіла і той дзень, і шматлікія наступныя дні толькі цяжэйшымі.

— Праз зачыненыя дзверы я чула, як ён смяяўся разам з губазікаўцамі, пра нешта з імі размаўляў. Ужо калі мяне завялі ў бусік, муж падышоў да мяне і сказаў: “Ну што, даскакалася?”

Я разумею, што ў сем’ях жыццё складваецца па-рознаму. І што часам не складваецца. Але я не чакала такога. Для мяне гэта было самае балючае. Балючэй было толькі ад таго, што яны спалохалі дзяцей.

Пра ўмовы ўтрымання ў іванаўскім ІЧУ мы расказвалі тут.

Самы цяжкі момант падчас ператрусу

Калі Марына вярнулася з “сутак”, мясцовае выданне апублікавала пра яе артыкул з фотаздымкам. На фота відаць, што муж сустракае яе з кветкамі. Самай балючай часткі гэтай гісторыі на фота няма.

 

Сёння. Беласток. “Я не хачу пазбаўляць іх яшчэ і бацькі”

Самым “бел-чырвона-белым” у іванаўскім доме Марыны быў парасонік. Цяпер ва ўсё акно ў яе вісіць вялікі бел-чырвона-белы сцяг. У большасці палякаў на вокнах вісяць ральшторы, якія апускаюцца на дзень, таму бел-чырвона-белыя вокны Марыны заўважна вылучаюцца на фоне іншых.

Ва ўтульнай кватэры тры пакоі, свежыя шпалеры, усё абстаўлена з густам.

— Мы тут рамонт парабілі, бо калі заехалі, выглядала ўсё іначай. Я купляла самыя танныя шпалеры — тыя, якія заставаліся па некалькі метраў у рулонах, ужываную мэблю. Але, здаецца, атрымалася добра?

Марына з’язджала з дому ўсяго з трыма торбамі, у якія трэба было змясціць усё жыццё. Дзецям сказала, што яны едуць на адпачынак у літоўскі санаторый. Тое самае сказала мужу, каб ён даў дазвол на выезд.

З дарагога для сябе ўзяла толькі некалькі кніжак Оруэла. А ўжо ў Польшчы, калі разбірала рэчы, аказалася, што малодшы Ягорка кінуў у Марыніну сумку яе першую цацку — старэнькага зайчыка.

— І кажа мне: мама, я падумаў — як жа ты тут будзеш без свайго зайчыка? А я з гэтым зайчыкам усё дзяцінства спала, з таго часу як была немаўляткам, і Ягорка ведаў гэта.

Пакуль мы размаўляем, Ягор некалькі разоў забягае ў пакой і скача да мамы на канапу. Мама тут — ягоны адзіны сябар. За ўвесь час нашай размовы Марына плакала двойчы — калі прыгадвала мужа і калі раказвала пра дзяцей, якія сталі першымі ахвярамі яе затрымання.

— Рэчы не галоўнае. Самае цяжкае — што мы не можам прывезці сюды сяброў. Падручнік, цацку, кніжку ты можаш пакласці ў кішэню. Але не сяброў. Дзеці пастаянна прыгадваюць тых, хто застаўся ў Беларусі, але нават не могуць з імі пагаварыць. Я папрасіла іх не звязвацца з сябрамі, каб гэтыя стасункі не нарабілі шкоды іх сем’ям.

— А пра бацьку дзеці пытаюць?

— У Ягоркі тут пыталі, ці хоча ён вярнуцца ў Беларусь. Ён адказаў: так, там жа тата і дзед засталіся. Гэта ж дзіця, і я не хачу яму нічога дрэннага казаць пра бацьку. Гэта іх тата. Мае адносіны з мужам не павінныя ўплываць на яго адносіны з дзецьмі.

Але так атрымалася, што цяпер у іх няма стасункаў. Аднойчы ён не ператэлефанаваў ім, пасля забыў перадаць Сашу [сярэдні сын] падарунак, а той вельмі чакаў. І з часам дзеці перасталі прасіць патэлефанаваць тату.

Я ніколі не казала пры дзецях, што ён дрэнны, хоць ведаю, ён упэўнены, што гэта я іх настройваю супраць. Але не: ён іх бацька, я гэта разумею і не магу пазбавіць сваіх дзяцей яшчэ і бацькі.

"Я не магу пазбавіць дзяцей яшчэ і бацькі"

Год таму, Іванава. У Марыны пытаюць, чаго ёй не хапае

Пасля “сутак” дырэктару перастала падабацца ў Марыне ўсё. Нават яе чырвоная папка. “Ты ж разумееш, што ў мяне гэта была б чырвоная папка, а ў цябе яна чырвоная!” — казаў дырэктар.

— Чаго табе не хапае? — пыталі Марыну на працы.

Марына адказвала:

— Не хачу, каб мае дзеці жылі ў Паўночнай Карэі. Не хачу, каб мой старэйшы Дзіма, які хутка стане дарослым, быў збіты якім-небудзь вар’ятам праз тое, што таму не спадабаюцца ягоныя шкарпэткі.

Мы таксама пытаем у Марыны, чаго ёй не хапала, бо Аляксандр Лукашэнка любіць выстаўляць сябе як першага сябра шматдзетных сем’яў.

— Беларусь — гэта сапраўды краіна для шматдетных сем’яў, але для тых, у якіх дзяцей трэба забіраць. На жаль, нармальныя сем’і, у якіх бацькі не п’юць, якія не стаяць у СНС — тыя бацькі ўсё зарабляюць самі. Але ў Беларусі шмат іншых шматдзетных сем’яў — такіх, дзе дзяцей нараджаюць, каб было за што выпіць, каб атрымаць новыя кватэры.

Так, у Беларусі шматдзетным сем’ям выдаюцца крэдыты нібыта пад ільготныя адсоткі. Але для нармальных краінаў з развітай эканомікай гэта велізарныя адсоткі. У Польшчы можна ўзяць крэдыт пад 2% гадавых — замест ільготных беларускіх 5%. Лічбы гавораць самі за сябе.

Марына кажа, што “дзіцячыя грошы”, якія ў Беларусі выплачваюцца на дзяцей да трох гадоў, сапраўды досыць вялікія. Але ў Польшчы гэтыя выплаты ідуць да паўнагоддзя, а не да трох гадоў. На такія выплаты і яшчэ на грашовую падтрымку бежанцам сям’я з Іванава цяпер і жыве.

 

Сёння, Гданьск. Марына ўпершыню вязе дзяцей на мора

Старэйшыя дзеці Марыны ходзяць у польскую школу, малодшаму месца ў садку сёлета не хапіла. Але на наступны год Ягора ўжо запісалі ў “нулявы клас” — так званую “зэрувку”.

— Тут я прынамсі ведаю, што дзецям больш нічога не паграджае. Бо калі мяне затрымлівалі, галоўны губазікавец казаў, што дзяцей забяруць і адправяць па розных дзіцячых дамах. Менавіта розных, каб мне было цяжэй з імі камунікаваць і прыязджаць да іх. “Дадзім загад, каб вас да іх увогуле не пускалі”.

І нікога не цікавіла, што ў дзяцей ёсць не толькі маці, але і бацька, і бабуля з дзядулем.

“Не буду губопкусам!” На маму надзелі кайданкі пры дзецях. Яна звезла іх за мяжу
Марына Кіевец / Euroradio

Сёлета Марына з дзецьмі ўпершыню пабывалі на моры. Знаёмы, з якім яны выраслі ў адным двары, таксама збег з краіны пасля 2020 года. Цяпер яго сям’я жыве ў Гданьску, і яны запрасілі сям’ю Марыны ў госці.

— Дзеці ўпершыню пабачылі мора, яны былі такія задаволеныя! Калі мы з’язджалі, Ягор не пасаромеўся і кажа: калі вы нас яшчэ раз запросіце, мы абавязкова прыедзем.

Я разумею, што гэта жудасна, калі людзі, якія перажылі катаванні, кажуць, што ім пашанцавала. Але так, я лічу, што мне пашанцавала: я на волі, мае дзеці не ў інтэрнаце. Дзякуй Богу, жывыя і здаровыя.

Мы ідзём з Марынай на пляцоўку ля яе новага дома ў Беластоку, з намі ідзе Ягор.

— Некалі ён хацеў быць міліцыянтам. Цяпер перадумаў і хоча быць вайскоўцам. Нават гэтыя падзеі не змянілі яго жадання. Але не губопкусам, а менавіта вайскоўцам.

Ягор поўзае па вяровачнай сценцы на дзіцячай пляцоўцы.

— Ягор, не губопкусам, а вайскоўцам? — перапытвае Марына.

— Не губопкусам! — крычыць Ягор з пірамідкі.

Год таму сілавікі зрабілі Марыне “камплімент”:

— Сказалі: “Марына, ты крэмень, але мы цябе зломім”.

Яна і сёлета, седзячы на канапе ў беластоцкай кватэры, упэўненая, што пра яе ў іванаўскім РАУС згадваюць, а яе інтэрв’ю — чытаюць.

— Мне страшна ад таго, на што здольныя людзі. А я ж лічу, што і яны — людзі. Хацелася б верыць, што аднойчы яны змогуць асэнсаваць, што нарабілі, што паспрабуюць апраўдацца.

 

Сёння, Беласток. Як можна дапамагчы сям’і Марыны Кіявец

У сярэдняга сына Марыны, Сашы, — падазрэнне на аўтызм. Цяпер ён праходзіць абследаванні і працуе з псіхолагам. На аплату псіхолага патрэбныя грошы. Калі ў вас ёсць магчымасць дапамагчы сям’і, вы можаце зрабіць данаты тут і тут. Ці напішыце ў рэдакцыю, і мы дапаможам вам звязацца з Марынай Кіявец.

Праз гэтыя новыя праблемы, а таксама праз тое, што малодшы сам пакуль не ходзіць у садок, Марына не можа сабе дазволіць знайсці сталую працу з фіксаваным працоўным днём. Яна вымушаная працаваць у таксі.

Калі Марына праязджае праз польскі прыватны сектар, яна заглядаецца на кветкі. Дома ў яе было шмат кветак. Увесь акаўнт Марыны ў Фэйсбуку запоўнены іх здымкамі.

— У мяне адных толькі німфеяў — гэта водныя ліліі — было пяць відаў. Я мянялася насеннем з усёй Беларуссю. Мы дасылалі яго поштай адно аднаму. І вось цяпер едзеш па прыватным сектары Беластока — і так балюча глядзець на мясцовыя кветкі і прыгадваць, што ўсё сваё давялося пакінуць там, у Беларусі. Але не ў кветках шчасце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі