Новыя серыялы вясны і лета 2025 года, якія нельга прапусціць

Афіша серыяла "Чужы: Зямля"

Афіша серыяла "Чужы: Зямля" / Fox Extended

З сярэдзіны сакавіка ў сеціве абмяркоўваюць новае чатырохсерыйнае шоу ад Netflix "Пераходны ўзрост" ("Adolesence"). У ім аўтары разважаюць пра прычыны агрэсіі ў асяроддзі брытанскіх старшакласнікаў.

Гэты мінісерыял — не адзіны свежы праект, які можа скрасці вашу ўвагу на некалькі свабодных вечароў. Еўрарадыё расказвае, якіх яшчэ новых праектаў варта чакаць вясной і летам.

 

***

“Сарвігалава: народжаны наноў” / “Daredevil: Born Again”

Прэм'ера: 4 сакавіка (Disney+)

Адвакат і таемны супергерой Мэт Мёрдак у выкананні Чарлі Кокса вяртаецца на тэлеэкраны, але ўжо не на Netflix, а ў рамках кінасусвету Marvel. Пасля некалькіх камеа, сярод якіх блакбастар "Чалавек-павук: няма дарогі дамоў", гледачоў чакае дзевяцісерыйны серыял, які стартаваў на Disney+ у пачатку сакавіка.

У "Народжаным наноў" Мёрдак працягвае сваю барацьбу за справядлівасць: днём — у ролі адваката, а ноччу — як супергерой Сарвігалава. Тым часам былы крымінальны бос Уілсан Фіск (Вінсэнт Д'Анофрыа) нацэліўся на палітычную арэну і абраны мэрам Нью-Ёрка. Аднак калі прывіды мінулага пачынаюць нагадваць пра сябе, абодва героі аказваюцца на шляху да новага непазбежнага сутыкнення.

 

“Студыя” / “The Studio” 

Прэм'ера: 26 сакавіка (Apple TV+) 

"Я заняўся гэтым, бо люблю кіно, але цяпер мне здаецца, што мая праца — яго псаваць", — абвяшчае комік Сэт Роген у трэйлеры новага камедыйнага серыяла Apple TV+.

"Студыя" — гэта асучасненая версія вытворчай камедыі "Гулец" Роберта Олтмана для пакалення, што вырасла на бліскучых камедыях Джада Апатау 2000-х гадоў

У серыяле Роген грае новага кіраўніка кінастудыі, якая перажывае не найлепшыя часы. Сітуацыя паўтарае нядаўні крызіс з забастоўкамі галівудскіх акцёраў і сцэнарыстаў.

У серыяле акрамя зоркі "Гора-творцы" багата запрошаных зорак: Браян Крэнстан, Марцін Скарсэзэ, Энтані Макі і Шарліз Тэрон. Вытворчасцю праекта кіруе студыя Lionsgate.

 

“Памру дзеля сексу” / “Dying for Sex”

Прэм'ера: 4 красавіка (Disney+)

Шчыры падкаст блогераў Молі Кочан і Нікі Боер, у якім Молі расказвала пра свае сексуальныя эксперыменты пасля дыягназу "чацвёртая стадыя метастатычнага раку", стаў асновай для новага мінісерыяла.

Галоўныя ролі выканаюць Мішэль Уільямс ("7 дзён і начэй з Мэрылін") і Джэні Слэйт ("Усё скончыцца на нас"), а сярод іх партнёраў па здымачнай пляцоўцы — Роб Дэлані ("Дэдпул і Расамаха") і Джэй Дзюплас ("Кавярня "Блакітная сойка").

 

“Твае сябры і суседзі” / “Your Friends & Neighbors” 

Прэм'ера: 11 красавіка (Apple TV+) 

Акцёр Джон Хэм мяняе каўбойскія боты ў нафтавай драме "Лэндмен" на смокінг у яшчэ адным свежым праекце стрымінгу Apple TV+. У "Тваіх сябрах..." зорка "Шаленцаў" грае апальнага кіраўніка хэдж-фонду, які спрабуе справіцца з нядаўнім разводам — і наважваецца на рабаванне сваіх заможных суседзяў.

У серыяле таксама здымаюцца Аманда Піт і Алівія Ман, а яго стваральнікам выступіў Джонатан Тропер (серыял "Воін"). Стрымінг ужо падоўжыў шоу на другі сезон, а значыць, праекту прадказваюць глядацкі поспех.

 

“Жалезнае сэрца” / “Iron Heart”  

Прэм'ера: 24 чэрвеня (Disney+) 

Супергераіня ў тэхналагічным касцюме Рыры Уільямс (актрыса Дамінік Торн) пасля бою за захаванне Ваканды ў блакбастары "Чорная пантэра — 2" сутыкаецца з творчым крызісам. Якім будзе яго вырашэнне — даведаемся ў серыяле Disney+ "Жалезнае сэрца".

Гераіня ўкладвае ўсю сваю энергію ў новы праект, калі яе выключаюць з Масачусэтскага тэхналагічнага інстытута, што прымушае яе шукаць новы спосаб зарабляць грошы, працуючы з персанажам Энтані Рэмаса — суперзлачынцам з мянушкай Капюшон.

Шасцісерыйны праект стане заключным актам Пятай фазы кінасусвету Marvel, набліжаючы гледачоў да наступнай буйной сустрэчы ў чарговым калектыўным блакбастары "Мсціўцы".

 

“Чужы: Зямля” / “Alien: Earth”

Прэм'ера: лета (FX)

Франшыза "Чужы" зноў пашыраецца: гэтым летам на тэлеканале FX выйдзе серыял "Чужы: Зямля" ад Ноя Хоўлі, шоураннера серыяла-анталогіі "Фарго".

Любы праект, над якім працуе Хоўлі, заўсёды ахутаны таямніцай, а ўжо калі гаворка ідзе пра культавы сусвет, інфармацыі яшчэ менш.

Дзеянне серыяла разгорнецца ў 2120 годзе. Маладая жанчына і група марпехаў пасля крушэння загадкавага касмічнага карабля робяць лёсавызначальнае адкрыццё, якое сутыкае іх з найвялікшай пагрозай на планеце.

Пакуль каманда ратавальнікаў шукае выжылых сярод абломкаў, гераіня сутыкаецца з драпежнымі істотамі, якія аказваюцца нашмат страшнейшымі, чым нехта мог уявіць. Новы кашмар прачнуўся, і цяпер ад дзеянняў групы залежыць не толькі іх уласнае выжыванне, але і лёс усёй зямлі.

 

“Дэкстэр: уваскрасенне” / “Dexter: Resurrection”

Прэм'ера: лета (Paramount+)

Муза Квенціна Таранціна, актрыса Ума Турман, далучаецца да Майкла С. Хола ў ролі серыйнага забойцы Дэкстэра Моргана ў храналагічным працягу крывавай франшызы "Дэкстэр: новая кроў".

Ці будзе любімы ўсімі серыйны забойца зноў падманваць смерць? Пакуль застаецца толькі гадаць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.