Валерый Кавалеўскі раскрытыкаваў пашпарт Новай Беларусі
Узор пашпарта новай Беларусі
Былы прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета Валерый Кавалеўскі раскрытыкаваў праект пашпарта новай Беларусі, які прадставіў Беларускі пашпартны цэнтр.
Кавалеўскі быў ініцыятарам пашпарта новай Беларусі, але пакінуў праект і цяпер узначальвае Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва. Ён кажа, што пры ім прадугледжвалася, што орган выдачы пашпарта пройдзе незалежны аўдыт да таго, як пачнуць выдаваць дакументы.
"Гэты аўдыт павінен паказаць, што ўсе міжнародныя нормы для такіх структур выкананыя, ёсць адпаведныя пратаколы, сертыфікаванае абсталяванне. Усё гэта сведчыла б пра тое, што гэтаму органу выдачы можна давяраць. І такі сертыфікат патрэбен і беларусам, і замежным партнёрам. Атрымліваецца, што на цяпер гэта не зроблена, а толькі плануецца. Лічу гэта запозненым крокам", — цытуе "Наша Ніва" словы Кавалеўскага.
Таксама ён заяўляе, што замежным дзяржавам для ўзгаднення павінен накіроўвацца пакет дакументаў — сам узор пашпарта, сертыфікат паспяховага аўдыту органа выдачы і міжнародна-прававое абгрунтаванне. На сёння фактычна ёсць толькі пашпарт, канстатуе Кавалеўскі. На падставе толькі гэтага дакумента рашэнне прымаць немагчыма.
Крытыкуе Кавалеўскі і намер збіраць у беларусаў біяметрычныя даныя для пашпартам (адбіткі пальцаў). Ён асцерагаецца, што гэтая інфармацыя трапіць у Мінск, і з дапамогай яе рэжым Лукашэнкі зможа больш эфектыўна змагацца супраць палітычных апанентаў. "Можна абмежавацца электроннай копіяй фатаграфіі і подпісу, які запісваецца на электронны чып у самім дакуменце", — кажа ён. Пагатоў, што і Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі не патрабуе наяўнасці біяметрычных звестак у дакументах.
Кавалеўскі нагадвае, што асноўнай місіяй праекта было стварыць праязны дакумент, а гэтая функцыя пакуль адсутнічае.
Ідэю выдаваць пашпарты найперш тым, хто мае легалізацыю ў краінах ЕС, Кавалеўскі таксама лічыць не найлепшай. "Мы з маёй камандай таксама распрацоўвалі пратаколы для выдачы іх дзецям, якія нарадзіліся за мяжой, бо ў іх няма сертыфікатаў аб нараджэнні", — звяртае ён увагу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.