Эдуард Занкавец: Змены будуць, але не глабальныя

Галоўным трэнерам зборнай Беларусі па хакеі стане Эдуард Занкавец. Дапамагаць яму будуць таксама беларускія спецыялісты Андрэй Гусаў, Аляксандр Андрыеўскі і Ўладзімір Цыплакоў. Такое рашэнне прыняла сёння Федэрацыя хакея. На пасаду трэнера прэтэндавалі ўсе чацвёра, але выбар трапіў менавіта на Занкаўца. Еўрарадыё ўдалося задаць некалькі пытанняў новаму настаўніку.

Еўрарадыё: Эдуард Канстанцінавіч, не страшна браць такую адказнасць?

Эдуард Занкавец: Я не магу сказаць, што я баюся. Але, хутчэй, гэта такі стан узбуджанасці. Разумееш узровень адказнасці. Каманда прэзентуе і краіну, і заўзятараў. Тысячы людзей чакаюць ад каманды добрага выступу. Таму адчуваецца, вядома ж, адказнасць. І адначасова я ведаю, што падобны шанец з’яўляецца не заўсёды і не кожнаму. Таму ў мяне сумневаў не было, брацца за гэта ці не.

Еўрарадыё: Чаму менавіта Вас абралі?

Эдуард Занкавец: Я думаю, што гэта звязана найперш з тым, што я працаваў са зборнай на чэмпіянатах свету, быў памочнікам галоўнага трэнера, у паўзах даводзілася і нам з Валодзем Цыплаковым часцяком кіраваць камандай. Таму, думаю, менавіта тое, што я чалавек не новы ў зборнай, і адыграла галоўную ролю.

Еўрарадыё: Ці думаеце нешта змяняць у гульні зборнай? Нейкія высновы з Алімпіяды рабілі?

Эдуард Занкавец: У прынцыпе, у камандзе заўсёды павінны адбывацца нейкія змены: стыль гульні, тактычная расстаноўка — усё гэта павінна быць мабільнае. Нельга стаяць на месцы, і ў зменлівай сітуацыі заўсёды трэба злавіць слушны кірунак і зрабіць патрэбныя змены. Змены будуць, але не глабальныя.

Еўрарадыё: Ці можна казаць, што больш агрэсіўныя будуць беларусы на лёдзе? Альбо ўсё-ткі будзем бараніць родныя вароты?

Эдуард Занкавец: Родныя вароты бараніць будзем заўсёды: гэта прадугледжвае якая заўгодна тактыка, каб не дазволіць суперніку забіць гол. Але мы крыху пастараемся змяніцца менавіта ў бок большай агрэсіўнасці. Пастараемся больш нагрузіць нападнікаў, каб даць разгрузку абаронцам.

Еўрарадыё: На кагосьці стаўку персанальна будзеце рабіць? Ці ўсё ж такі разглядаеце каманду як адзінае цэлае?

Эдуард Занкавец: Безумоўна, робім стаўку менавіта на каманду. Але адначасова, вядома ж, многае залежыць ад індывідуальнасцяў. Напрыклад, я пастаўлю найперш у абароне Руслана Салея, таксама нашыя варатары Мезін і Коваль. А вось нападзенне ў нас, напэўна, больш збалансаванае. І ў нападзенні ў нас шмат хлапцоў, якія могуць узяць на сябе гульню.

Еўрарадыё: Як думаеце, маладая кроў патрэбная ці ўсё-ткі стары касцяк выведзе нас да перамогі?

Эдуард Занкавец: Калі раней мы маглі ў кожным турніры праглядаць гульцоў, паспрабаваць зірнуць, як яны рэагуюць на нашую схему пабудовы гульні і на выкананне нейкіх заданняў, то сёлета ў нас атрымліваецца, што перад чэмпіянатам свету адзін збор — і ўжо чэмпіянат свету! Таму гаварыць пра нейкія глабальныя змены ў складзе, на жаль, не даводзіцца. То бок будзе ўсё ж такі большасць гульцоў, якія ўжо гулялі ў зборнай. Будуць хлопцы і новыя, якія ўпершыню прыцягваюцца, але іх будзе не шмат.

Наш касцяк складуць хлопцы, якія гуляюць у КХЛ, — вядома ж, іх шмат і ў мінскім “Дынама”. Але будзе і чэмпіянат Беларусі. І мы запросім на зборы гульцоў і “Шахцёра”, і “Юнацтва”. Будуць і прадстаўнікі Гомеля. Але большасць усё-ткі будзе з “Дынама”.

Еўрарадыё: Як на чэмпіянаце свету выступім?

Эдуард Занкавец: Не хацеў бы нешта абяцаць. Задача, якая стаіць перад камандай, — яна стаяла, стаіць і ў бліжэйшыя гады, напэўна, будзе стаяць — гэта патрапіць у васьмёрку. Але я б, вядома, не адмовіўся ад перавыканання гэтай задачы.

Нагадаем, чэмпіянат свету па хакеі пройдзе з 8 па 23 траўня ў Германіі. Наша зборная на групавым этапе сустрэнецца з камандамі Расіі, Славакіі і Казахстана.



Фота: belapan.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі