Эколагі правядуць грамадскую экспертызу беларускай АЭС

Незалежныя эколагі рыхтуюць грамадскую экспертызу праекту Астравецкай АЭС. У дарадчую групу ўвайшлі прадстаўнікі грамадскай арганізацыі “Экадом”, Беларускай партыі зялёных і расійскай экалагічнай групы “Экаабарона”.  Як паведаміла Еўрарадыё актывістка “Экадому” Таццяна Новікава, грамадская экспертыза пройдзе паралельна з дзяржаўнай і будзе мець рэкамендацыйны характар. Афіцыйную справаздачу падрыхтуюць спецыялісты з Мінпрыроды.

Таццяна Новікава: “У нас часу застаецца каля месяца, бо дзяржаўная экспертыза доўжыцца два месяцы. То бок мы павінны ўкласціся ў гэты прамежак часу: паводле яшчэ дзейснага заканадаўства, мы павінны праводзіць экспертызу ў час, яшчэ да завяршэння дзяржаўнай. Адпаведна, нам спатрэбіцца недзе месяц на працу – ад моманту атрымання матэрыялаў. Гэта не толькі аналіз СУНА, гэта аналіз яшчэ многіх аспектаў – ажно да праектнай дакументацыі, калі яна дасяжная”.

Грамадскі эксперт мяркуе, што праектная інфармацыя з’явіцца ўжо на гэтым тыдні. Пры гэтым невядома, ці будуць сярод прадстаўленых на суд грамадскасці дакументаў эканамічныя разлікі ды сацыялагічныя даследаванні па Астравецкай АЭС. Прычына – экалагічны, а не эканамічны характар незалежнай экспертызы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі