Экс-дырэктара бабруйскага "Фандока" вызвалілі з-пад варты ў зале суда
У тэрмін адбыцця пакарання яму залічылі час, праведзены пад вартай да суда.
22 траўня ў судзе Бабруйскага раёна вынесены прысуд па крымінальнай справе супраць былога гендырэктара ААТ "Фандок" Уладзіміра Майко.
Як паведамляе БелаПАН, Майко прызналі вінаватым, што ён як службовая асоба наўмысна, насуперак інтарэсам службы, учыніў з асабістай зацікаўленасці дзеянні з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, якія прывялі да істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам. А гэта пацягнула цяжкія наступствы.
Суд прызначыў яму адзін года і пяць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, без канфіскацыі маёмасці. Аднак ён на тры гады пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.
Экс-дырэктару залічылі ў час пакарання тэрмін, які ён быў пад вартай. Прызначанае пакаранне пастаноўлена лічыць адбытым. Таму Майко вызвалілі з-пад варты ў зале суда.
Суд пакінуў без разгляду пазоў пракурора аб кампенсацыі шкоды на карысць завода "Фандок". Арышт, накладзены на маёмасць Майко, суд пастанавіў адмяніць.
Нагадаем, што на працягу 2013-2014 гадоў на Майко былі пачатыя тры крымінальныя справы за злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі. Пра завяршэнне следства Следчы камітэт паведаміў у жніўні 2014-га. Тады следчыя паведамлялі, што Майко падпісаў акт прыёмкі па фактычна не да канца выкананых работах па мадэрнізацыі і ўводзе ў эксплуатацыю лініі сартавання круглага лесу. Таксама ён падпісаў акт прыёмкі аб выкананні шэфмантажных і пусканаладачных работ па будаўніцтве міні-ЦЭЦ. А з 2007 года экс-дырэктар "Фандока", нібыта, адгружаў расійскім фірмам шліфаваную фанеру па заніжаных коштах.
Паведамлялася, што дзеянні гендырэктара нанеслі заводу шкоду больш за 770 мільёнаў рублёў. Следства наклала арышт на маёмасць абвінавачанага коштам каля 1,8 млрд рублёў. Былы гендырэктар кампенсаваў шкоду ў 199 млн рублёў.
Фота — naviny.by