"Экстрэмісцкім" прызналі YouTube-канал з ролікамі, як пазбегнуць службы ў войску
Youtube, ілюстрацыйнае фота з дапамогай ШІ
"Экстрэмісцкімі матэрыяламі" ў Беларусі прызналі YouTube-канал з ролікамі пра спосабы пазбегнуць службы ў войску, паведамляе пракуратура. Гаворка ідзе пра канал ELGAR, які мае 1970 падпісчыкаў.
У пракуратуры заяўляюць, што на гэтым YouTube-канале размяшчаюцца відэаролікі, "у якіх аказваюцца кансультацыйныя паслугі грамадзянам па ўхіленні ад праходжання тэрміновай ваеннай службы па медыцынскіх падставах: "Як адкасіць ад войска па дурцы?", "Як адкасіць ад войска 2024. Найлепшы метад", "...Як я адкасіў" ды іншыя. Там жа рэкламуецца платная паслуга аб аказанні індывідуальнай дапамогі".
Заяву ў суд аб прызнанні канала экстрэмісцкім накіравала пракуратура Калінкавіцкага раёна Гомельшчыны. Суд задаволіў гэты пазоў.
Работнікі пракуратуры мяркуюць,што канал перашкаджаў дзейнасці Мінабароны Беларусі па камплектавання Узброеных Сіл прызыўнікамі, а размешчаная ў ім інфармацыя "прыніжала значэнне забеспячэння бяспекі грамадства і дзяржавы, выканання грамадзянамі канстытуцыйнага абавязку па абароне Рэспублікі Беларусь і падрывала ў грамадстве, у тым ліку ў прызыўнікоў, пачуццё патрыятызму".
Варта звярнуць увагу, што ролікі на гэтым YouTube-канале былі арыентаваныя пераважна на грамадзян Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.