Не пайсці ў войска легальна. Гісторыі беларускіх (не)ухілістаў

Гісторыі беларусаў, якія легальна адкасілі

Гісторыі беларусаў, якія легальна адкасілі / @rubanau_collage

У Беларусі пачынаецца восеньскі прызыў. У тых, хто не вельмі хоча ў войска, выбару амаль няма: калі няма іншых прычын для адтэрміноўкі, адзіная магчымасць — стаць непрыдатным па здароўі. Хлопцы, якія змаглі, расказалі, як гэта зрабіць. І так, гэта легальна.

Еўрарадыё расказвае гісторыі двух маладых людзей, якія могуць натхніць іншых на ўважлівае вывучэнне свайго здароўя і ўпэўненае адстойванне сваіх інтарэсаў, каб не страціць год ці паўтара жыцця.


 

Максім, 25 гадоў. "Стромна прыходзіць у ваенкамат і заяўляць: "Здрасьце, я гей"

Рыхтавацца да магчымага прызыву я пачаў прыкладна за паўгода. Прыйшло ўсведамленне "блін, хутка ў войска", а служыць я не хацеў. Пачаў вывучаць у інтэрнэце ўсякія спісы хвароб, чытаць на форумах пра досвед іншых хлопцаў.

Спачатку думаў касіць па зроку — ён у мяне, вядома, кепскі, але недастаткова, каб не ісці ў войска. Яшчэ ў мяне пляскатая ступня, але, здаецца, гэта таксама не варыянт.

Таксама ў дзяцінстве я пакутаваў на лунатызм, і ва ўзросце 20-21 года (калі мне даводзілася вырашаць пытанні з ваенкаматам) ён праяўляўся, але не надта моцна. Наогул, я на яго нават не ставіў, але гэта потым і спрацавала.

Мой галоўны козыр гэта касіць па арыентацыі. Я рыхтаваўся, даведваўся ў знаёмых і апытаў сяброў, якім удалося скарыстацца гэтай схемай.

Але было трохі стромна прыходзіць у ваенкамат і заяўляць: "Здрасьце, я гей". Таму я вырашыў, што гэта будзе план "Б", а план "А" — гэта ўсё ж ухіленне па лунатызме.

Я са здзіўленнем знайшоў лунатызм у пераліку хвароб. Хоць усе мяне адгаворвалі, я вырашыў спрабаваць.

Калі прыйшоў час праходзіць камісію ў ваенкамаце, я сказаў, што падчас сну магу крычаць і хадзіць. Там адрэагавалі: "О, сапраўды? Добра, адпраўляем вас у вар'ятню".

У той год трагедыя ў Печах была яшчэ свежая ў памяці, таму нават пры найменшых падазрэннях усіх адпраўлялі на праверку — на ўсялякі выпадак.

На 7-8 дзень знаходжання ў бальніцы я палунаціў. Мае суседзі па палаце заўважылі, што я ўначы ўстаў, сеў на ложак і нешта казаў. Тады я паклікаў доктара, хлопцы пацвердзілі, што я і праўда лунаціў, і потым гэта залічылася на выніковай камісіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі