Мінімум 6 «Шахедаў» заляцелі ў Беларусь, адзін праляцеў 170 км па поўдні краіны

Авіяцыя Беларусі не падымалася

Авіяцыя Беларусі не падымалася / Reuters

За апошнія 24 гадзіны зафіксавана як мінімум шэсць заходаў расійскіх дронаў-камікадзэ тыпу «Шахед» у Беларусь з Украіны, паведамляе "Беларускі Гаюн".

Першы заход быў зафіксаваны ў 14:23, калі дрон заляцеў у раён Камарына, а далей накіраваўся да Прыпяці. Наступныя заходы адбыліся ў 15:05, 20:58, 01:03 (два дроны) і 07:31.

Дрон, які заляцеў у 15:05 праз Асарэвічы, праляцеў па поўдні Беларусі больш за 170 км і выйшаў назад ва Украіну ў раёне Мілашэвічаў (Лельчыцкі раён). Яшчэ адзін дрон, які зайшоў у 20:58 праз Камарын, таксама рушыў на захад уздоўж мяжы, курсуючы ў бок Ельска, дзе быў страчаны з радараў у 21:30.

Авіяцыя ВПС Беларусі не падымалася.

Приблизительный маршрут "Шахедов" над Беларусью 21 декабря
Прыблізны маршрут "Шахедаў" над Беларуссю 21 снежня / "Беларускі Гаюн"

Нагадаем, што ў лістападзе быў усталяваны чарговы рэкорд па колькасці заходаў расійскіх дронаў-камікадзэ ў Беларусь. За месяц у паветраную прастору краіны заляцела 151 дрон, як мінімум тры з іх былі збітыя. Сярод гэтых 151 дрона было не менш за 148 расійскіх дронаў-камікадзэ тыпу "Шахед" і тры разведвальных дрона невядомага тыпу.

Усяго ж, за ўвесь час у Беларусь заляцела больш за 360 БПЛА розных тыпаў.

У сваю чаргу, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч за год налічыў усяго 20 беспілотнікаў, якія заляцелі ў нашу краіну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі