ЕС і ЗША выступілі з сумеснай заявай наконт Косава
Сцяг Косава / pixabay.com
Еўрасаюз і ЗША выказваюць занепакоенасць напружанай сітуацыяй на поўначы Косава, адзначаецца ў сумеснай заяве іх дыпламатычных службаў.
"Заклікаем усіх праяўляць максімальную стрыманасць, прымаць неадкладныя меры па безумоўнай дээскалацыі сітуацыі, устрымлівацца ад правакацый, пагроз і запалохванняў", — гаворыцца ў дакуменце.
ЕС і ЗША вядуць перамовы з лідарамі Косава і Сербіі дзеля палітычнага развязання сітуацыі, каб знізіць напружанасць і дамовіцца пра далейшыя дзеянні дзеля стабільнасці, бяспекі і дабрабыту.
Дыпламаты вітаюць заявы косаўскага кіраўніцта пра адсутнасць спісаў косаўскіх сербаў, якія нібыта мусяць быць арыштаваныя або прыцягнутыя да адказнасці за мірныя акцыі пратэсту ці барыкады. "У той жа час неабходна выконваць вяршэнства закона, а любыя формы гвалту непрымальныя і недапушчальныя", — падкрэсліваецца ў заяве.
Складаная сітуацыя ў месцах кампактнага пражывання сербаў у Косаве захоўваецца з сёлетняга лета. Усё пачалося пасля таго, як косаўскае кіраўніцтва вырашыла забараніць перамяшчэнне аўтамабіляў з сербскай рэгістрацыяй. Абстаноўка моцна абвастрылася ў апошнія тыдні. Сербія нават прыводзіла свае войскі ў стан найвышэйшай боегатоўнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.