Еўрадэпутат прапануе аднавіць “чорныя спісы" беларускіх чыноўнікаў

Еўрадэпутат Рышард Чарнецкі прапанаваў увесці санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Напрыклад, у выглядзе неўключэння нашых дэпутатаў у Парламенцкую Асамблею Еўранэст, а таксама ўзнаўлення “чорнага спісу” беларускіх чыноўнікаў. Пра гэта Рышард Чарнецкі заявіў 24 лютага на пасяджэнні міні-сесіі Еўрапарламента па сітуацыі ў Беларусі.

“Калі Лукашэнка не разумее мову еўрапейскіх каштоўнасцяў, то ён дакладна зразумее мову санкцый, ― заявіў еўрадэпутат. ― Я маю на ўвазе такія санкцыі, якія б не ўдарылі па беларускіх грамадзянах, але б ускладнілі жыццё чыноўнікам і палітыкам, адказным за рэпрэсіўныя дзеянні”.

На думку Чарнецкага, ЕС мае да Беларусі асіметрычны падыход: Еўропа адчыніла для Беларусі дзверы, але нічога не мае ўзамен.

Адзначым, што большасць еўрадэпутатаў, якія ўдзельнічалі ў дэбатах па Беларусі, ідэю санкцый не падтрымалі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі