Ежы Бузэк: Прэзідэнцкія выбары вызначаць будучыню адносін Беларусі і ЕС

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі стануць вырашальнымі для будучага развіцця адносін Беларусі і Еўрасаюза. Пра гэта 22 верасня заявіў старшыня Еўрапарламента Ежы Бузэк. У заяве, як паведамляе БелаПАН, вітаецца запрашэнне экспертаў БДІПЧ АБСЕ для назірання за выбарчай кампаніяй у Беларусі. Таксама Бузэк выказаў надзею, што праца назіральнікаў не будзе абмежаваная.

Кіраўнік Еўрапарламента заклікаў беларускія ўлады гарантаваць роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў пры рэгістрацыі, фармаванні выбарчых камісій усіх узроўняў. Таксама ён заклікаў гарантаваць надзейнасць датэрміновага галасавання і празрыстасць працэдуры падліку галасоў.

Бузэк выказаў заклапочанасць свабодай СМІ ў Беларусі і заклікаў беларускія ўлады забяспечыць роўны доступ кандыдатаў да СМІ, спыніць пераслед і ціск на незалежных журналістаў.

Акрамя таго, кіраўнік Еўрапарламента заклікаў дэмакратычныя сілы краіны аб'яднаць высілкі. Ён запэўніў, што краіны ЕС шчыра падтрымліваюць імкненне беларусаў жыць у вольнай, дэмакратычнай і незалежнай краіне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі