Фестываль “Камяніца” робіцца модным і спрабуе аб’яднаць фолк-тусоўку

4 верасня на адкрытым паветры, непадалёк ад Мінску адбудзецца фолк-фэст “Камяніца”, які ўзяў ўпэўнены старт у мінулым годзе. Прыхільнікі фальклорных эксперыментаў пачуюць славутыя гурты “Троіца”, “Палац”, архаічны праект “Guda” і больш маладыя гурты “Akana”, “Маланка Окестра” і “Бан-Жвірба”.
Акрамя заяўленых, на пляцоўцы “Камяніцы” з’явяцца яшчэ некалькі калектываў, якія абяруць арганізатары фестывалю, Алег Хаменка (“Палац”) і Іван КірчукТроіца””. Калі ў вас ёсць свой праект, напішыце пра гэта на адрас [email protected] і, магчыма, менавіта вам выпадзе шанец выступіць на адной сцэне з вядомымі беларускімі фалькларыстамі і прэзентаваць сваё бачанне фальклору вялікаму колу слухачоў.



А, пакуль падрыхтоўка да “Камяніцы” ідзе, музыкі сустрэліся на прэс-канферэнцыі, каб абмеркаваць факт з’яўлення новага фестывалю, і акрэсліць перспектывы яго далейшага развіцця і значнасць.



Іван Кірчук, лідар гурта “Троіца” прызнаўся, што вельмі рады новаму фэсту, што адмыслова для “Камяніцы” рыхтуе з калегамі асобны сэт і пажадаў фестывалю дажыць да ўзроўню буйнога еўрапейскага фэсту:

Троіца” у мінулым годзе адзначыла сваё дзесяцігоддзе, і за гэты час мы пабывалі больш, чым на 80 міжнародных фэстах. Ад Малайзіі да Партугаліі. І вось мы, нарэшце, дакрычаліся, бо заўсёды на канферэнцыях скардзімся, што ў нас мала фестываляў, і мы маем толькі Славянскі Базар.

Але сёння нас запрасілі на "Камяніцу", і мы з задавальненнем будзем прымаць удзел і, ведаючы, што гэта адкрытая пляцоўка, мы будзем рыхтаваць асаблівую праграму, бо на вуліцы, на жаль, не ўсе інструменты могуць прагучаць, як, напрыклад, у канцэртнай зале Мінск.

Няхай на нашай зямлі, у нашай краіне, будзе шмат фестываляў, як “Камяніца”, няхай выступаюць розныя гурты. Зараз мы праслухоўваем тыя каманды, якія даслалі нам музыку, каб адзначыць лепшыя. А, можа, хай прымаюць удзел усе, і людзі слухаюць, таму што, напрыклад, фестываль Pepsi Sziget – гэта 40 розных сцэн і тыдзень ідзе фестываль. Калі “Камяніца” будзе мець такі ўзровень, мы з задавальненнем будзем браць ў ім удзел і слухаць розных выканаўцаў.



На жаль, Беларусь пакуль не можа запрашаць выдатных этнічных выканаўцаў, якія б таксама ўпрыгожылі гэты фестываль. Мне здаецца, што за гэтым будучыня”.



Алег Хаменка, лідар гурта “Палац” і выкладчык у сферы культурнага менеджменту, лічыць, што фестываль “Камяніца” можа не толькі папулярызаваць беларускую музычную культуру, але і перазнаёміць паміж сабой фальклорных музыкаў:

Акурат такія фестывалі, якія б прапанавалі розныя погляды на фальклор (сучасны, традыцыйны, эксперыментальны, аўтарскі) надзвычайна неабходныя сёння ў Беларусі і іх надзвычайна нестае.

Ёсць такія журналісты, якія кажуць, маўляў, “вось я ведаю пяць назваў фальклорных гуртоў. Дык, Алег, гэта ўсё?” Я адказваю, што не ўсё! Іх не можа быць пяць! Іх як найменей існуе каля тысячы. Іншая справа, што мы іх не ведаем, і яны паміж сабой таксама не кантактуюць.

Вядома, гэта звышзадача для “Камяніцы”, каб гэтыя людзі хаця б пабачылі адзін аднаго, хаця б аб’ядналіся і паглядзелі, чым займаюцца іх калегі. Вядома, добра было б, каб такіх фестываляў было штук дваццаць на Беларусі. Але, “за неимением гербовой, пишем на обычной бумаге”.

Алег прызнаўся, што ён крыху стаміўся ад музычнага валанцёрства, але добра разумее, якую карысць прынясе падтрымка фестывалю “Камяніца”:

Вельмі стамляе гэтая дабрачыннасць і ўсё астатняе, але тут той прыклад, калі проста відавочна, што трэба ўсё кідаць і спрычыняцца да таго, што людзі спрабуюць рабіць гісторыю, культуру і вось такі фестываль, які сапраўды неабходны надзвычайна”!



Удзельніца гурта Guda прапанавала фестывалю разгледзець магчымасць пашырэння фармату:

Каб гэта быў не толькі фолк-мадэрн, але і аўтэнтычныя гурты, каб гэта былі гурты, якія займаюцца пераемнасцю традыцый, бо гэта вельмі цікавая сфера, цікавы матэрыял, які дазваляе адчуць найбольш глыбокі пласт архаікі”.




 Ірэна Катвіцкая (гурт “Akana”) лічыць, што любоў да народных песень варта песціць у чалавеку з дзіцячых гадоў, бо Ірэна сама выкладае спевы ў дзіцячай музычнай школе і добра ведае, як хутка дзеткі запальваюцца народнымі песнямі, калі ў іх ёсць магчымасць выступаць, а не проста працаваць, як кажуць, “у стол”:

Сярод новых гуртоў павінны быць і дзіцячыя гурты, таму што гэта наша будучыня”.



Як бачыце, удзельнікі “Камяніцы” ставяцца да фестывалю з вялікім даверам і надзеямі. Між іншым, зайшла размова і пра моду на вялікія фестывалі, на выкананне этнічных спеваў і на гучныя тусоўкі на адкрытым паветры. Алег Хаменка, як выкладчык, які вучыць студэнтаў, як прадаваць культурны прадукт, запэўніў журналістаў, што моды баяцца не варта, бо гэта неабходны этап станаўлення традыцыі:

Мода, зразумейце, – гэта дакладная часовая прастора. Калі мы гаворым пра традыцыю, – гэта культурная прастора, якая не мае межаў часу. Любая рэч заўсёды імкнецца стаць традыцыяй. І, калі мы зараз карыстаемся нейкай модай, дык няхай! Гэта толькі на карысць як раз традыцыі”.

Дадатковая інфармацыя:

-    сайт фестывалю: http://fest.kamyanitsa.by
-    звярніце ўвагу на схему даезду да пляцоўкі фестывалю. У гэтым годзе яна стала больш камфортнай і хуткай.
-    арганізатары хвалююцца, што 4 верасня можа быць дождж, таму падрыхтавалі для вас адмысловыя пластыкавыя плашчы, каб вам было ўтульна
-    акрамя музыкі на фестывалі “Камяніца” вас чакаюць розныя цікавосткі і актыўнасці і смачная гарэлка.
-    набыць квіткі загадзя можна на вул. Кальварыйская 17 – 614, тэл. (017) 209 41 63
- кошт квіткоў: 6300 руб. для дарослых, 3150 руб. для школьнікаў. Фестываль працягнецца з 15 да 22 гадзін.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі