Футбалісты беларускай зборнай збягаюць з трэніровак у крамы

Трэнер бронзавага прызёра Беларусі салігорскага “Шахцёра” ў шоку ад сваіх футбалістаў. Напярэдадні адборачнага матча чэмпіянату Еўропы са зборнай Балгарыі футбалісты беларускай зборнай зноў трапілі ў скандал. У пятніцу салігорскі “Шахцёр” прайграў мінскаму “Дынама” 0:1 На прэс-канферэнцыі пасля гульні трэнер “Шахцёра” Юры Вяргейчык нечакана публічна абурыўся паводзінамі аднаго са сваіх падапечных. Маўляў, за некалькі гадзінаў да матча той адправіўся з трэніроўкі ў мэблевую краму. Па словах трэнера, за такія рэчы наогул з каманды адлічаць трэба, а ён нічога не можа зрабіць, таму што замены яму ў прынцыпе няма…

Еўрарадыё даведалася, што “адзначыўся” абаронца “Шахцёра” Павел Пласконны, які выкліканы ў склад нацыянальнай зборнай Беларусі на матч з Балгарыяй.

Еўрарадыё датэлеванавалася да Паўла, і вось як ён пракаментаваў свае паводзіны:

“Я скажу так: гуляю я на сваім узроўні. Ніяк не ніжэй. На гульні гэта ніяк не адлюстравалася. Трэнер, у першую чаргу, павінен шукаць праблемы ў сабе, а не ў гульцах”.

Больш таго, па словах Паўла, ён вельмі пакрыўджаны на трэнера. Як сказаў нам спартовец, ад’язджаў ён толькі на 15 хвілінаў. А на пытанне, ці не збіраецца Павел сыходзіць з “Шахцёра”, ён нечакана адказаў:

“Калі трэнер у далейшым так будзе выказвацца – канешне. У мяне, дарэчы, праз паўтара месяца кантракт сканчаецца”.

Як падзяліўся з Еўрарадыё сам Юры Вяргейчык, ён ужо проста стаміўся цішком змагацца з абыякавым стаўленнем футбалістаў да працы:

“У Салігорску і так гуляць няма каму. І наогул, па вялікім рахунку, я не павінен быў пра гэта казаць. Просто ўжо надакучыла. Калі адзін напіваецца, другі напіваецца, трэці… Усё хаваеш тут. А думаюць, што ўсе праблемы толькі ад трэнера. Не, не ад трэнера. І бываюць такія моманты, калі трэнер ужо не вытрымлівае і кажа пра гэта.

Прафесіяналізм нашых футбалістаў варты паляпшэння, вось і ўсё. У камандзе сёння сем добрых футбалістаў. І калі вы яшчэ пачняце мяне з імі лабамі сутыкаць, то яны наогул адмовяцца гуляць. А калі гэта здарыцца, то каманда будзе змагацца за выжыванне. І ніхто не зразумее, як такое можа быць з “Шахцёрам” у Салігорску”.


Усе дзеянні адбываюцца напярэдадні адборачнага матча чэмпіяната Еўропы, які адбудзецца 2-га чэрвеня. Пласконны трапіў у “галоўную” каманду краіны. У Паўла ўжо ёсць вопыт гульні за зборную, за яго плячыма 2 матчы ў складзе нацыянальнай каманды. Еўрарадыё звярнулася да галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай Юрыя Пунтуса, каб ён выказаў сваё стаўленне да гэткіх сітуацый:

“Мне б вельмі б хацелася, канешне, бачыць заўсёды эрудзіраваных, інтэлектуальных футбалістаў, асабліва ў зборнай. Пра якіх бы, канешне, менш негатыву пісалася і паказвалася. Але гэта жыццё. Я прыму гэта да ўвагі, але гэта не значыць, што я сёння ўжо павінен па-іншаму глядзець на Пласконнага.

Не, я свае высновы зраблю, але для мяне вельмі важна, каб у той перыяд, калі ён будзе знаходзіцца пад маім кіраўніцтвам, калі ён ужо пяройдзе ў тую галіну, дзе я “для іх пішу законы” і патрабую іх выканання, я буду вельмі спадзявацца, што ў мяне не будзе з ім ніякіх інцыдэнтаў.

А самае галоўнае – гэта як ён будзе выглядаць на футбольным трэніровачным полі. То бок да гульні толькі гэты паказчык, гэты крытэрый мяне падшурхне да вызначэння складу”.


Гэта паабяцаў нам і сам Павел. На пытанне, ці не хвалюецца ён, што гэты выпадак неяк паўплывае на яго футбольную кар’еру, мы пачулі:

“Я так не думаю. Я думаю, што тыя трэнеры, каму трэба, ведаюць мой узровень. Калі я перайду ў іншую каманду, я пастараюся іх не падвесці”.

Такі вось забаўны беларускі футбол.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі