Фядута сыйшоў з “Гавары праўду” ў “буйную камерцыйную структуру”

Еўрарадыё: На якую тэму ваша доктарская дысертацыя, з-за якой вы сышлі з кампаніі “Гавары праўду”?

Аляксандр Фядута: Працую над дысертацыяй “Праблемы чытача ў літаратурнай свядомасці першай паловы 19 стагоддзя”. На матэрыяле рускай літаратуры.

Еўрарадыё: Вы ж “пушкініст” – я чакаў, што нешта ізноў будзе звязанае менавіта з Пушкіным.

Аляксандр Фядута: Гэта ж яно і ёсць – гэта пушкінскі перыяд.

Еўрарадыё: Чаму вас не адпускалі, і што значыцца “Някляеў нарэшце пагадзіўся вызваліць мяне” – заяву аб звальненні падпісаў?

Аляксандр Фядута: Не, размова ішла пра тое, што я ўвесь час прапаноўваў, каб замест мяне некага абралі. Бо патрэбныя людзі, якія будуць выконваць у межах кампаніі пэўныя функцыі. І калі ёсць выконваючы абавязкі – гэта адно, а я ж быў чалавекам не выконваючым абавязкі, але які займае месца. Былі спадзяванні, што я паспею зрабіць усё, што запланаваў, у мінулым годзе, але так не атрымалася, на жаль. Я разумею, што пасля рэформы сістэмы прысуджэння навуковых ступеняў у Расійскай Федэрацыі, дзе я планую абараняцца, часу ў мяне будзе яшчэ менш.

Еўрарадыё: Уладзімір Някляеў не толькі займае пасаду лідара “Гавары праўду”, але і кнігі піша, а вас чаму не атрымліваецца гэта сумясціць?

Аляксандр Фядута: Каб пісаць кніжкі, каб пісаць паэтычныя і празаічныя творы трэба мець талент і досвед. А каб пісаць навуковую літаратуру трэба сядзець у бібліятэках і ездзіць па канферэнцыяй – гэта, усё ж, крыху іншая справа. Ведаеце, я ўжо трошку стаміўся. Я паабяцаў Уладзіміру Пракопавічу, што калі ён будзе балатавацца ў якасці адзінага кандыдата ад апазіцыі альбо адзінага кандыдата ад нашай кааліцыі і калі свісне – я прыеду.

Еўрарадыё: У якасці каго?

Аляксандр Фядута: Мазгі лішнімі не бываюць. Фядута заўжды знаходзіцца ў якасці Фядуты.

Еўрарадыё: “Калі свісне – я прыеду”. А на іншага кандыдата працаваць не будзеце – чаму вы зрабілі стаўку менавіта на Някляева? А калі раптам з’явіцца нехта выбітны, нечаканы і новы?

Аляксандр Фядута: Выбітным, нечаканым і новым у 2010 годзе быў Уладзімір Някляеў.

Еўрарадыё: Але ж ужо набліжаецца 2015 год…

Аляксандр Фядута: Ну, вось вы і паглядзіце, можа каго і знойдзеце.

Еўрарадыё: А вы апроч Някляева нікога на выбары 2015 года не бачыце?

Аляксандр Фядута: Я нікога іншага не бачу. У 2006 годзе я бачыў кандыдата, які мог правесці кампанію і нават чагосьці дасягнуць – гэта быў Васіль Лявонаў. Я публічна неаднойчы пра гэта казаў. А пасля таго, як Лявонаў адмовіўся браць удзел у тых выбарах, я сказаў, што не буду браць у іх удзел у нейкай іншай якасці апроч выбаршчыка. Так будзе і гэтым разам.

Еўрарадыё: Вы абяцаеце вярнуцца і дапамагчы Някляеву ў тым выпадку, “калі ён будзе балатавацца ў якасці адзінага кандыдата ад апазіцыі” – вы верыце ў магчымасць з’яўлення адзінага?

Аляксандр Фядута: Усё залежыць ад таго, чаго насамрэч дамагаюцца беларускія апазіцыйныя структуры. Калі зноў будзе ісці размова пра тое, што мы выступім, а Ярмошына намалюе нам чарговыя 5%, альбо 3 ці 1% – у гэтым выпадку нічога не мае сэнсу. Калі ты ставіш іншую мэту… Ну, шанец ёсць.

Еўрарадыё: Вы супраць байкоту?

Аляксандр Фядута: Не! Насамрэч я лічу, што ў 2015 годзе байкот цалкам магчымы. Менавіта для таго, каб зрабіць гэты байкот мажлівым – неабходны адзіны кандыдат.

Еўрарадыё: Адзіны кандыдат будзе байкатаваць выбары?!

Аляксандр Фядута: Не ведаю. Мы ж не ведаем, як складуцца абставіны. Але такая мажлівасць у яго павінна быць.

Еўрарадыё: Але ж байкот зараз забаронены законам?

Аляксандр Фядута: Ён можа публічна зняцца з выбараў, да прыкладу. Гэта ж не забаронена.

Еўрарадыё: І ў выніку застануцца два кандыдаты – Гайдукевіч і Лукашэнка…

Аляксандр Фядута: Давядзецца ісці і галасаваць за Гайдукевіча.

Еўрарадыё: А што вы зараз робіце ва Украіне?

Аляксандр Фядута: Я займаюся кансалтынгам у буйной камерцыйнай структуры, кансультую па пытаннях піяру.

Еўрарадыё: На Майдане былі?

Аляксандр Фядута: Не. Я не хачу, каб мяне дэпартавалі. Каб працаваць, я мушу мець пасведчанне аб праве на пражыванне ў гэтай краіне. І таму я не хачу, каб да мяне былі якія-небудзь прэтэнзіі. Тое, што я спачуваю ўдзельнікам Майдана – гэта бачна па маім блогу. Я сваіх поглядаў не хаваю.

Еўрарадыё: Не сумуеце па палітыцы?

Аляксандр Фядута: Ведаеце, мне так прыемна знаходзіцца ў 19 стагоддзі! Я размаўляю з такімі людзьмі, як Карамзін, Пушкін, Жукоўскі, Булгарын, Палявы – вельмі цікавыя людзі.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі