Галоўны ідэолаг краіны выклікаў на аўдыенцыю акцёраў Купалаўскага тэатра

Удзень 2 кастрычніка ў Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі адбылася сустрэча галоўнага ідэолага краіны Усевалада Янчэўскага з Аляксандрам Маўчанавым і Ганнай Хітрык – удзельнікамі трупы Купалаўскага тэатра. Таксама запрошаная акцёрка Святлана Зелянкоўская аўдыенцыю прайгнаравала. Са слоў Ганны Хітрык, асноўнае, што цікавіла кіраўніка Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта – з якіх прычынаў згаданыя вышэй акцёры сталі працаваць у тэатры на палову стаўкі.

Ганна Хітрык: “Я сказала, што з нашымі заробкамі жыць вельмі цудоўна, але ёсць і творчыя праблемы. Ёсць спектаклі ў рэпертуары тэатра, якія проста не могуць ісці ў рэпертуары нацыянальнага акадэмічнага тэатра. А праз тое, што яны ідуць, мы робім нашага гледача грубейшым, злейшым і тупейшым”.

Таксама акцёраў не задавальняе, што адміністрацыя тэатра здымае з праграмы спектаклі без тлумачэння прычынаў. Гэтае і шэраг іншых пытанняў трупа неаднаразова ставіла перад кіраўніцтвам тэатра. Былі яны агучаныя і падчас сустрэчы з Усеваладам Янчэўскім.

Ганна Хітрык: “Вы ведаеце, ён сказаў, што ўсё зразумеў і прыняў, і каб мы не думалі, што нас не пачулі. Ён быў правы ў тым, што гэта больш справа Міністэрства культуры і дзіўна, што гэтымі праблемамі давялося займацца яму. Але ён паспрабуе разабрацца і дапамагчы”.

Такім чынам, акцёры пачулі яшчэ некалькі абяцанняў, накіраваных на тое каб супакоіць іх хаця б на пэўны час. Але наконт таго, якім будзе вынік ад умяшальніцтва Адміністрацыі прэзідэнта ў тэатральнае жыццё краіны, пакуль што можна толькі будаваць гіпотэзы.

Фота - photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі