Генпракуратура просіць МУС быць больш "гуманным" да падследных
Беларускія праваахоўнікі "злоўжываюць" самай суровай мерай стрымання — змяшчэннем пад варту.
Генпракуратура накіравала міністру ўнутраных справаў ліст, у якім канстатуе: органы папярэдняга расследавання рэдка звяртаюцца да такіх мераў стрымання, як хатні арышт і залог, паведамляе "Ежедневник". Колькасць пастановаў наконт ужывання гэтых мер стрымання знізілася на 10% — з 408 у 2009 годзе да 366 у 2010 годзе.
Колькасць зарэгістраваных на тэрыторыі Беларусі злачынстваў у 2010 годзе зменшылася на 6,9%, а істотнага скарачэння колькасці падследных, якія пазбеглі змяшчэння пад варту, не адбылося.
Як адзначае Генпракуратура, варта больш шырока ўжываць меры стрымання, не звязаныя са зняволеннем, улічваць асобу і сямейнае становішча абвінавачваных, асабліва калі гаворка ідзе пра злачынствы, якія не лічацца цяжкімі.