Германія выслала двух расійскіх дыпламатаў за сувязь з забойствам у Берліне

Германія выслала двух расійскіх дыпламатаў за сувязь з забойствам у Берліне

Германія абвясціла персонамі нон-грата двух супрацоўнікаў расійскай амбасады і выслала іх з краіны. Дыпламатаў падазраюць у сувязі з забойствам у Берліне грамадзяніна Грузіі, перадае Радыё "Свабода".

У федэральнай пракуратуры Германіі лічаць, што да злачынства могуць мець дачыненне расійскія ўлады. МЗС Германіі паведаміў, што прыме новыя меры, калі афіцыйная Масква не будзе супрацоўнічаць у расследаванні забойства.

МЗС Германіі ў сацсетках паведаміў, што расійскіх грамадзян выслалі за тое, што ўлады Расіі не аказваюць следству адэкватнай дапамогі. Як піша Der Spiegel, высланыя расіяне — супрацоўнікі расійскай разведкі, якія працуюць пад прыкрыццём.

Забойства грамадзяніна Грузіі чачэнца Зелімхана Хангашвілі адбылося 23 жніўня ў Берліне. Падчас другой чачэнскай вайны ён камандаваў адным з падраздзяленняў, якія змагаліся супраць расійскіх войскаў.

Падазраванага паліцыя затрымала на месцы забойства. Пры ім быў фальшывы замежны пашпарт на імя Вадзіма Сакалова, атрыманы за тыдзень да выезду за мяжу.

Расследвальная група Bellingcat лічыць, што затрыманы чалавек — гэта грамадзянін Расіі Вадзім Красікаў. У 2014 годзе Расія абвясціла яго ў міжнародны вышук па справе аб забойстве прадпрымальніка. Але праз паўгода вышук спынілі.

Справу аб забойстве Хангашвілі перадалі з паліцыі ў Генпракуратуру — з прычыны магчымага ўдзелу ў ёй расійскіх спецслужбаў.

У Крамлі абвінавачванні ў датычнасці да забойства называюць беспадстаўнымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі