Грошай на павышэнне пенсіяў у Беларусі сёлета няма
Пра гэта паведаміла кіраўніца Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва Людміла Бачыла.
Магчымасці Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) не дазваляюць сёлета павышаць пенсіі. Пра гэта заявіла кіраўніца фонда Людміла Бачыла на пашыраным пасяджэнні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах.
Па яе словах, якія перадае БелаПАН, летась працоўныя пенсіі павышаліся тройчы — на 5, 7 і 5,5%. А вось сёлета заробкі не выраслі настолькі, каб можна было павысіць працоўныя пенсіі. Бачыла дадала, што пенсіянеры прывыклі да штоквартальнага пераразліку пенсій і чакаюць гэтага. На жаль, дадала яна, сёлета няма такіх фінансавых магчымасцяў.
Бачыла нагадала, што згодна з заканадаўствам пераразлік пенсій праводзіцца тады, калі сярэдні заробак за квартал вырас больш чым на 15%. Сярэдні заробак у красавіку склаў 6,53 млн рублёў. Цяперашняга ўзроўню ён дасягнуў у сярэдзіне мінулага года і на працягу наступных месяцаў вагаўся ў межах 6-6,5 млн рублёў.
У сярэдзіне 2014 года беларусі ўрад звязаў рост заробкаў на дзяржаўных прадпрыемствах з прадукцыйнасцю працы. Пасля гэтага рост заробкаў у рэальным сектары эканомікі спыніўся.
Фота — 5min.by