Хто будзе ахоўваць скрыні для галасавання ад фальсіфікацый?

Кожны вечар з 14 снежня пасля закрыцця ўчасткаў для датэрміновага галасавання выбарчыя скрыні застаюцца сам-насам... З кім? ЦВК і МУС сцвярджаюць, што іх мусяць ахоўваць міліцыянты і ніхто іншы! Кандыдаты ад апазіцыі збіраюцца арганізаваць начныя вахты з незалежных назіральнікаў. "Пры ўсёй знешняй лібералізацыі, няма ніякіх пазітыўных зрухаў па ключавых пытаннях выбарчай кампаніі, — лічыць адзін з каардынатараў кампаніі "За справядлівыя выбары" Сяргей Калякін, які прадставіў супольную заяву кандыдатаў у ЦВК. — Найперш гэта адкрытая і празрыстая працэдура падліку галасоў. А таксама — гарантыі, што не будзе маніпуляцый з бюлетэнямі выбаршчыкаў, якія прагаласавалі датэрмінова. Такія гарантыі нерэальныя, пакуль няма магчымасці ажыццяўляць назіранне за іх захаваннем".

Каб адказаць Калякіну, Цэнтрвыбаркамам быў запрашаны намміністра ўнутраных спраў Яўген Палудзень.

"Метадычнымі рэкамендацыямі Цэнтральнай камісіі па выбарах вызначана, што ахова памяшканняў для галасавання ажыццяўляецца супрацоўнікамі органаў унутраных спраў. Памяшканні для галасавання будуць узятыя пад ахову ад моманту атрымання камісіямі па выбарах бюлетэняў для галасавання", — адрапартаваў ён.

Але не толькі ў МУС чыталі метадычку з ЦВК:

"У рэкамендацыях, на якія спасылаецца спадар намміністра, напісана чорным па белым: захаванне скрыні для галасавання забяспечваецца старшынёй участковай камісіі, — заўважыла грамадскі дзеяч Таццяна Процька. — Ніякай міліцыі ці іншых асобаў, адказных за захаванне скрыні, вашымі дакументамі не прадугледжана. Гэта старонка 38.

Калі іншыя людзі жадаюць ахоўваць скрыню — гэта ніяк не перашкодзіць выбарчаму працэсу. Наадварот, давер да працы ўчастковых камісій у электарата ўзрасце. Дык чаму не пусціць людзей назіраць за скрыняй, калі яны самі гатовыя ўскласці на сябе гэтыя абавязкі?”

Пакуль жа, паводле словаў Сяргея Калякіна, сітуацыя такая, што старшыні ўчастковых камісій маюць прастору для таго, каб занатаваць у пратаколах і агучыць любыя даведзеныя зверху вынікі датэрміновага галасавання:

"Ад заканчэння часу на галасаванне і да адкрыцця ўчасткаў на наступны дзень у памяшканні, дзе захоўваюцца скрыні для датэрміновага галасавання, ці побач з ім, незразумела чаму, дзяжурыць толькі супрацоўнік органаў унутраных спраў. Ні чальцы ўчастковай камісіі, ні назіральнікі ў гэты час не маюць магчымасці кантраляваць захаванне бюлетэняў выбаршчыкаў, якія прагаласавалі датэрмінова".

У Цэнтрвыбаркаме Калякіна зразумелі, хаця і было няпроста прадрацца праз канцылярыт, якім была складзеная заява кандыдатаў.

"Ахова выбарчых участкаў праваахоўнымі органамі — гэта распаўсюджаная ў свеце рэч, — патлумачыла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. — Гэта прававы звычай, які існуе з тых часоў, яшчэ калі я была маленькая, а пасля стала дарослая і пачала сама хадзіць на выбары. І ў які б бок вы ні паехалі, на Захад ці на Усход, — вы на выбарчых участках сустрэнеце міліцыянтаў".

Няхай сабе будзе на ўчастку міліцыянт. Пытанне ў іншым, — працягнулі дыскусію прадстаўнікі апазіцыйных кандыдатаў: хто яшчэ можа падысці да скрыні для галасавання пасля таго, як зачыняюцца дзверы ўчасткаў?

"Ніякія пабочныя асобы падыйсці не могуць", — запэўніў Яўген Палудзень.

"А "непабочныя"? — перапытаў Юры Хадыка, сябра ЦВК з дарадчым голасам. — Напрыклад, старшыня ці намеснік ўчастковай камісіі? Яны ж не пабочныя?"

"Уночы могуць праверыць супрацоўніка міліцыі кіраўнікі органаў унутраных спраў і той жа старшыня выбарчай камісіі. Могуць праверыць. Але звычайна правяраюць кіраўнікі органаў унутраных спраў. А сябры выбарчых камісій знаходзяцца ля скрыні ў дзённы час. Мне такія факты, каб нешта ўкідвалі ці ўначы прыходзілі на ўчастак старшыні выбарчых камісіяў, невядомыя", — адказаў Яўген Палудзень.

Такім чынам, старшыня выбарчай камісіі мае доступ на ўчастак круглыя суткі. У адрозненне ад незалежных назіральнікаў. Тым не менш, Лідзія Ярмошына лічыць, што начныя вахты назіральнікаў на ўчастках немагчымыя:

"Па сутнасці, прапануецца надзяліць назіральнікаў не толькі дадатковымі правамі, але і функцыямі назірання за міліцыянтамі. Я ўжо не кажу, што тады за самім назіральнікам трэба будзе пакідаць назіральніка!"

І літаральна праз паўхвіліны — знішчальнае рэзюмэ па самім звароце кандыдатаў у Цэнтрвыбаркам:

Лідзія Ярмошына: "Я думаю, што дадзеная заява ідзе ад зваротнага, з нейкай скажонай логікі, што навокал падманшчыкі і фальсіфікатары. Я думаю, што гэта ўласнае ўспрыняцце жыцця тымі людзьмі, якія звярнуліся з гэтай заявай".

Натуральна, пасля такой высновы галасаванне можа быць толькі аднагалоснае.

Хто ж у выніку будзе мець доступ да скрыні для датэрміновага галасавання ў час, калі ўчасткі будуць закрытыя? Па-першае, міліцыянт. Па-другое, кіраўнікі органаў унутраных спраў, якія могуць прыйсці да яго з праверкай. Па-трэцяе, старшыні ўчастковых камісій. І ніякіх назіральнікаў.

Калі гэта стала зразумела, кампанія "За справядлівыя выбары" вырашыла паставіць машыны з назіральнікамі ля ўваходаў на ўчасткі для датэрміновага галасавання. Так можна хаця б пабачыць усіх, хто з'яўляецца на ўчастках уночы. Зразумела, выседзець усе гэтыя халодныя ночы ў машынах будзе цяжка. Да таго ж, ля ўвахода не ў кожную, напрыклад, школу можна прыпаркавацца. А значыць, пад тымі ці іншымі нагодамі аўтамабілі ад выбарчых участкаў зможа прыбіраць ДАІ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі