Каб працаваць далей ва Украіне, беларускія кампаніі "апалячваюцца"
Расійскі пасол Барыс Грызлоў на прадпрыемстве "СТіМ" ў Брэсце / sputnik.by
Беларускія прадпрыемствы ва ўмовах вайны і санкцый не гатовыя адмаўляцца ад украінскага і заходняга рынкаў, лічаць украінскія расследвальнікі. Яны прааналізавалі, што адбылося з фірмамі ў Валынскай вобласці Украіны, у ліку заснавальнікаў якіх былі грамадзяне Беларусі.
Шэраг фірмаў, каб працягнуць працу на ўкраінскім рынку, "апалячыліся", гаворыцца ў расследаванні праекта "Сіла праўды".
У якасці прыкладу прыводзіцца прадпрыемства "СТіМ Украіна". Яно займаецца рамонтам дарог, абсталяваннем і фарбамі для дарожнай разметкі. Прадпрыемства было зарэгістраванае ў Луцку яшчэ ў 2008 годзе і да 2022 года актыўна асвойвала бюджэтныя грошы на тэндэрах. Уладальнікам "СТіМ Украіна" з'яўляецца беларускі бізнесмен Дзмітрый Чарненка. У 2019 годзе ён, а таксама яго брат Ігар Чарненка ўваходзілі ў топ-200 прадпрымальнікаў рэспублікі. Чарненкі — уладальнікі аднаго з прыватных беларускіх заводаў, дзе вырабляюць тэрмапластык. Галаўны офіс размяшчаецца ў Брэсце. Але ў прадпрыемства ёсць мноства філіялаў і ў Расіі.
Прычым і цяпер кампанія спрабуе адначасова працаваць і з Расіяй, і з Украінай. У жніўні Чарненка прымаў на прадпрыемстве ў Брэсце расійскага пасла ў Беларусі Барыса Грызлова. А ў лістападзе ўладальнікам "СТіМ Украіна" стала польскае прадпрыемства "Контур", якім зноў жа валодае Дзмітрый Чарненка. Толькі цяпер ужо яно мае прапіску ў Люблінскім ваяводстве.
"Каб даведацца, чыю тэхніку прадае прадпрыемства, "Сіла праўды" патэлефанавала па кантактных нумарах польскага "Контуру". Першае, што журналісты пачулі ў трубцы было "Здравствуйте". Міжнародны прадавец Алеся Бойка не адрэагавала на прывітанне на польскай. Пачуўшы, што тэлефануюць журналісты з Украіны, наогул адмовілася адказваць на пытанне аб прадпрыемстве", — расказваюць аўтары расследавання. Тады яны патэлефанавалі пад выглядам кліента і даведаліся, што польскі "Контур" прадае машыны для разметкі дарог беларускай вытворчасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.