Кабякоў даручыў дапрацаваць план мераў па развіцці Аршаншчыны
Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў даручыў дапрацаваць комплексны план першачарговых мер па развіцці Аршанскага раёна. Пра гэта інфармуе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу ўрада.
Сваё рашэнне прэм'ер-міністр прыняў па выніках выязнога пасяджэння Прэзідыума Савета міністраў па пытаннях развіцця Аршаншчыны. У праект плана, які разглядаўся на пасяджэнні, увайшло больш за 90 пунктаў з розных галінаў. Кіраўнік урада звярнуў увагу на тое, што чыноўнікі мусяць выпрацаваць канкрэтныя комплексныя мерапрыемствы, якіх нададуць імпульс сацыяльна-эканамічнаму развіццю рэгіёну.
Удзельнікі выязнога пасяджэння наведалі ў аўторак шэраг прадпрыемстваў Аршаншчыны: філіял "Салодкая краіна" дзяржаўнага прадпрыемства "Кандытарская фабрыка "Віцьба", ААТ "Аршанскі авіярамонтны завод", ААТ "Тэхніка сувязі", СТАА "Манул Гідраўлікс Мануфактурынг Бел".
Як адзначае прэс-служба ўрада, прамыслова-лагістычнаму комплексу "Брэміна-Орша" (у гарадскім пасёлку Балбасава) могуць надаць роўныя ўмовы гаспадарання з беларуска-кітайскім комплексам "Вялікі Камень" — на гэта пагадзіўся Кабякоў. Гэты комплекс мае лагістычную і гандлёва-прамысловую зону з аэрадромам і чыгункай.
У пасяджэнні ўдзельнічалі не толькі чальцы Прэзідыума Савета міністраў і вышэйшыя службовыя асобы, але таксама памочнікі кіраўніка дзяржавы, кіраўнікі рэспубліканскіх органаў кіравання, буйных банкаў, Віцебскага аблвыканкама, Аршанскага райвыканкама, а таксама кіраўнікі прадпрыемстваў раёна ўсіх форма уласнасці і прадстаўнікі прыватнага бізнэсу.