Кабякоў распавёў, якім у 2018 годзе будзе сярэдні заробак бюджэтнікаў
Прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў распавёў, якім у 2018 годзе ў Беларусі будзе сярэдні заробак бюджэтнікаў. У аўторак на пасяджэнні Саўміна разглядаліся праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступны год, а таксама параметры асноўных паказчыкаў на 2019-2020 гады ды найважнейшыя накірункі грашова-крэдытнай палітыкі нашай краіны і рэспубліканскага бюджэту на 2018 год.
“Што датычыць зарплаты бюджэтнікаў, то першапачаткова зыходзім з прадугледжаных праектам бюджэту рэсурсаў, — цытуе словы Кабякова БЕЛТА. — Гэта значыць, па кансерватыўным сцэнары тэмп росту ВУП асцярожна ацэньваецца ў 101,2%. Пры гэтым сярэдняя зарплата ў бюджэтнай сферы пралічваецца на ўзроўні каля 700 рублёў. Але мэтавы прагноз на 2018 год — 103,4% (рост ВУП)”. Па словах прэм’ера, калі даходы бюджэту перавысяць “кансерватыўны сцэнар”, то іх акумулююць у спецыяльных рэзервовых фондах. Праектам закону аб бюджэце прадугледжваецца магчымасць сфармаваць такія фонды і ў рэспубліканскім, і ў мясцовых бюджэтах.
Андрэй Кабякоў не выключае, што ў наступным годзе эканоміка дазволіць павысіць заробак бюджэтнікаў да 750-760 рублёў. У гэтым выпадку яго суадносіны да сярэдняй зарплаты па краіне захаваюцца на ўзроўні 75-76%. Пры гэтым мусіць працягвацца аптымізацыя структуры, скарачэнне выдаткаў бюджэтных арганізацый, павялічвацца даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці, адзначыў прэм’ер.