Калі Лукашэнка захоча пазбавіцца ад залежнасці ад Расіі, ЕС гэта падтрымае

Калі перастаць размаўляць з дыктатарскімі краінамі, то Еўрасаюзу давядзецца адмовіцца ад кантактаў з двума трацінамі дзяржаў, з якімі ЕС сёння мае стасункі. Так, старшыня камітэта міжнародных спраў Еўрапарламента Эльмар Брок адказаў на пытанне карэспандэнта Еўрарадыё, ці бачыць ён магчымасць для паляпшэння адносін паміж Еўрасаюзам і Беларуссю.

Эльмар Брок: “Суверэннае права любой краіны — выбіраць, што яны будуць рабіць, у якім накірунку ісці. Мы са свайго боку стараемся краіны падтрымліваць. І калі Лукашэнка хоча пазбавіцца ад поўнай залежнасці ад Расіі, мы гэта падтрымліваем. Каб расійскі рубель не так моцна ўплываў на беларускую эканоміку, як мы гэта бачым цяпер. У той жа час, мы ведаем, што звычайна дыктатарам абыякавая сітуацыя з правамі чалавека ў іх краінах. І такое мы назіраем ужо шмат гадоў.

Але Еўрапейскі парламент такое не прыймае і калі існуюць парушэнні правоў чалавека, то мы гэта так і назавём. Незалежна ад таго, хто гэта ўчыняе. Магчыма, Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі не палітзняволеныя, а крымінальнікі. Але калі мы бачым, што гэтыя людзі за кратамі таму, што выступалі за свабоду слова, то гэта не злачынцы. Не злачынцы тыя, хто выступае за свабоду выбараў, за змену ўлады — гэта права людзей. Але ёсць практыка ўзаемадзеяння. Калі мы адмовімся размаўляць з краінамі, якія ўзначальваюць дыктатары, то, ведаеце, з двума трацінамі свету нам давядзецца не размаўляць”.

                                              Эльмар Брок

Падчас апошняй прэс-канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што не давярае еўрапейскім палітыкам. У адказ Эльмар Брок адзначыў: “Часам Лукашэнка вельмі добра размаўляе з намі, часам — добра гаворыць з Еўропай. Гэта ў яго такая палітыка балансавання. Але… сітуацыя такая, якая яна ёсць”.

Журналісты пацікавіліся ў еўрапарламентарыя, ці плануе Захад дапамагаць Украіне ўзбраеннем. Па словах Эльмара Брока, узбраенне, хутчэй за ўсё, Украіне будзе пастаўленае. Але толькі абарончае. Што канкрэтна гэта азначае, палітык не ўдакладніў. Тым не менш, заўважыў:

Брок: “На мінулым тыдні было абмеркаванне гэтага пытанне з віцэ-прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. І яны разглядаюць такую магчымасць, накіраваць ва Украіну зброю. Але гэта будзе абарончая зброя. Але тут узнікае пытанне: “Гэтага дастаткова? Ці лепш выкарыстоўваць і іншыя магчымасці, для таго, каб спыніць канфлікт ва Украіне?” Мы ведаем, што “Мінскія дамоўленасці” не былі выкананыя расійскім бокам — расійскі бок не прызнае сябе бокам канфлікту. Тым не менш, яны накіроўваюць войскі да мяжы з Украінай і, па вялікім рахунку, яны могуць колькі заўгодна войскаў туды накіроўваць. Такую сітуацыя, на наш погляд, немагчыма вырашыць толькі ваеннымі метадамі — неабходна разглядаць розныя магчымасці ўплыву на Расію”.

Па словах Брока, санкцыі супраць Расіі былі ўведзеныя для таго, каб паказаць, што калі Расія не спыніцца ў сваіх дзеяннях па эскалацыі канфлікту на Данбасе, то яе эканоміка моцна пацерпіць. Пакуль, прызнае еўрапейскі палітык, санкцыі Расію не спынілі і Захад разглядае магчымасці іх пашырэння. І адначасова ў ЕС і ЗША задаюць сабе пытанне: “А як на гэта адрэагуе Пуцін, прэзідэнт ядзернай дзяржавы?” Бо існуе пагроза ўзнікнення ядзернай канфрантацыі. Тым не менш, кансультацыі па ўкраінскім пытанні ідуць штодня.

                  Падчас пасяджэння аднаго з камітэтаў Еўрапарламента

Па словах Эльмара Брока, у наступны панядзелак дэпутаты Еўрапарламента, якія ўваходзяць ў Еўрапейскую народную партыю (ЕРР), будуць абмяркоўваць “Справаздачу аб сітуацыі з правамі чалавека” і асаблівая ўвага будзе звернутая на сітуацыю ў Беларусі.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі