Каліновец Дзяніс Урбановіч адказаў на прапанову вярнуцца ў Беларусь

Дзяніс Урбановіч / svaboda.org
Дзяніс Урбановіч / svaboda.org

Баец палка Каліноўскага Дзяніс Урбановіч, былы старшыня "Маладога фронту", не плануе вяртацца дадому. Пра гэта ён расказаў Радыё "Свабода", каментуючы прапанову, якую сілавікі запісалі на відэа.

Сілавікі правялі ператрус у бацькі Урбановіча на Лагойшчыне. Таксама яны прыходзілі да ягоных сваякоў і сяброў. Пасля ператрусу яны запісалі з бацькам беларускага добраахвотніка відэазварот, у якім заклікалі Дзяніса вярнуцца на радзіму.

"Капітулюй. Можаш прыехаць у Беларусь. Ты такой шкоды не зрабіў тут. Адседзіш якую дзясятку, затое будзеш жыць на Радзіме. А так будзе вельмі дрэнна. Не шукай долі на чужым полі", — гаворыць у тым звароце Урбановіч-старэйшы.

Сам Дзяніс кажа, што сілавікі прыходзілі да ягонага бацькі неаднойчы: "З бацькам — нармальна, але фактычна ён у іх у закладніках, гэта трэба разумець". Вяртацца ў Беларусь пры Лукашэнку хлопец не збіраецца.

Па словах Урбановіча, падобны ціск зазналі і іншыя беларускія добраахвотнікі, якія ваююць ва Украіне. "Беларускае незалежнае войска расце, і Лукашэнка з ягонымі сілавікамі баяцца, што калісьці мы зойдзем і ўсе іхныя нібыта прафесіяналы, якіх некалькі дзясяткаў, будуць знішчаныя. Яны гэтага баяцца — вось і ходзяць. Спрабуюць каго запалохаць, каго перацягнуць на свой бок, каго ўзяць у закладнікі", — мяркуе Урбановіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі