Камандуючы ВПС Беларусі: БЧБ-шарыкі — правакацыя, "праціўнікі шукаюць дзіркі"
Ігар Голуб / Скрыншот
15 жніўня ў вечаровым эфіры СТВ камандуючы ВПС і СПА Беларусі Ігар Голуб пракаментаваў эпізод са звязкай белых і чырвоных паветраных шарыкаў на мяжы Беларусі і Літвы. Каб збіць шарыкі, якія амаль год таму ляцелі з Літвы ў Беларусь, Мінабароны падняло ў паветра баявыя верталёты Мі-24.
Ігар Голуб упэўнены: гэта былі не проста паветраныя шарыкі, а правакацыя. Хоць нават карэспандэнт СТВ Алёна Сырова, задаючы пытанне, ужывае слова "хахмілі".
— Я ў гэты час знаходзіўся на цэнтральным камандным пункце і назіраў гэтую абстаноўку ў паветры. Шарыкі — гэта быў ужо акт адчаю таго, што яны не змаглі зрабіць тое, што яны планавалі зрабіць. Таму запусцілі гэты, гэта маё меркаванне, фашысцкі сцяг бчбшны, запусцілі на гэтых шарах. Правакацыі з выкарыстаннем такіх шароў і сцягоў актыўна прымяняюцца за гэты год у многіх рэгіёнах, не толькі Рэспублікі Беларусь. Праціўнікі шукаюць дзіркі, — заяўляе Голуб.
Інцыдэнт адбыўся ўвечары 23 жніўня 2020 года ў раёне вёскі Волкаўшчына Ашмянскага раёна. З тэрыторыі Літвы ў паветра каля 19:30 падняўся "зонд з васьмі паветраных шароў з антыдзяржаўнай сімволікай". У Мінабароны Беларусі заявілі пра спробу парушэння паветранай прасторы.
З беларускага боку супрацьстаялі паветраным шарам дзяжурныя сілы Ваенна-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны. У неба былі паднятыя баявыя верталёты Мі-24. Як падкрэсліваюць у прэс-службе Мінабароны, "палёт паветраных шароў быў спынены без прымянення зброі".
МЗС Літвы, у сваю чаргу 24 жніўня падаў ноту пратэсту ў сувязі з парушэннем беларускім верталётам паветранай прасторы Літвы. Маўляў, парушылі мяжу не шарыкі, а беларускія вайскоўцы, пасланыя на барацьбу з імі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.