Кандыдаты сустракаюцца з выбаршчыкамі ў лазнях, "на шашлыках" і ў кватэрах
Еўрарадыё даведалася, якія прыгоды здараюцца з прэтэндэнтамі ў прэзідэнты падчас іх сустрэч з электаратам.
Цягам апошніх месяцаў прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта актыўна вандруюць
па краіне і сустракаюцца са сваімі паплечнікамі і патэнцыйнымі
выбарнікамі. Але як даведалася Еўрарадыё, спатканні гэтыя часцей за ўсё
адбываюцца ў памяшканнях, вельмі далёкіх ад шыкоўных. Ды і іншых
акалічнасцяў хапае.
Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук
выклаў у інтэрнэце здымкі са сваіх апошніх сустрэч у рэгіёне. Антураж
некаторых памяшканняў уражвае: у адным месцы — падрапаныя сцены без
шпалер, другое ўвогуле нагадвае ці то закінутую вясковую хату, ці то
хлеў.
Але сам палітык ставіцца да сустрэч у такіх памяшканнях з разуменнем і гумарам.
Яраслаў Раманчук: “Што
тычыцца кватэры, то яна была выкупленая сябрамі Хельсінскага камітэта ў
Воршы. Яна яшчэ не абсталяваная, не зробленая, але гэта адзінае месца,
дзе яны маглі нас прыняць. А другі здымак — гэта ў Вілейцы, у доме, які
толькі пачаў рамантавацца. Прыйшлі людзі, а следам міліцыя, якая
сказала, што яны там наркотыкі шукаюць”.
Але,
кажа, галоўнае не антураж, а людзі. Раманчук сцвярджае, што зважае не
на тое, дзе праходзіць сустрэча, а на тое, хто на яе прыходзіць. І кажа,
што даўно прывык да сітуацый, калі ўлады на месцах адмаўляюць
апазіцыянерам у прыстойных памяшканнях.
Яраслаў Раманчук: “Спатканні
на шашлыках, за кавай у кавярні — гэта стандартны спосаб сустрэчаў з
людзьмі, абмеркавання розных планаў. Такіх сустрэч было шмат: і ў
Гродне, і ў Брэсце, і ў Бабруйску. Такіх сітуацый вельмі і вельмі шмат”.
А вось лідар “Еўрапейскай кааліцыі” Мікола Статкевіч прыгадаў, як даводзілася праводзіць спатканні ў лазні альбо ў кустах за царквой у вёсцы Блонь.
Мікола Статкевіч: “Мне
даводзілася праводзіць сустрэчы на прыватных сядзібах, у лазнях
прыватных. Пра кватэры я нават і не кажу. На шашлыках у лесе пад
выглядам дня нараджэння. А калі я сядзеў на "хіміі", то там мы спачатку
сустрэчу каардынацыйнага камітэта “Еўрапейскай кааліцыі” праводзілі ў
вёсцы Блонь за царквой. Там тэрыторыя агароджаная, і там мы з Божай
ласкай збіраліся. А калі стала цёпла, то збіраліся каля рэчкі, на
беразе, на палянцы ў кустах”.
Ды і цяпер, кажа, падчас паездак па рэгіёнах часта здараюцца вельмі падобныя сітуацыі.
Лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў прызнаўся,
што толькі на дзень прэзентацыі старту кампаніі ён здолеў арандаваць
канферэнц-залу аднаго са сталічных гатэляў. З той пары ўсе сустрэчы
вымушана адбываюцца ў нейкіх дзіўных месцах.
Уладзімір Някляеў: “За
ўвесь час, калі я спрабую прабіцца да тых людзей, якія прыйдуць у дзень
выбараў галасаваць за Лукашэнку ці за яго суперніка, я ніводнага такога
месца, якое б адпавядала задачы маіх сустрэч, не знайшоў. Мне яго не
далі. Гэта нейкая рэчка, дзе выдумляем, што на шашлыкі прыехалі, гэта
можа быць лес ці нейкія хаты пры дарозе, з таго, што называецца
сельскагаспадарчым турызмам”.
Больш
за тое, паводле словаў Някляева, амаль ніводнага разу яму не выпадала
спакойна дабрацца да месца сустрэчы. Чамусьці машына, на якой едзе
паэт-палітык, выклікае падазрэнні ў ДАІ і яе спыняюць, каб праверыць —
ці не крадзеная.
Лідар руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч
таксама шмат сустракаецца з людзьмі. Але яго сустрэчы праходзяць у
нармальных памяшканнях, і нават машыну міліцыянты не спыняюць. Што
насцярожвае нават самога палітыка.
Аляксандр Мілінкевіч: “Сустрэчы
былі на кватэрах — на падворку дзяжурылі супрацоўнікі КДБ і міліцыя,
сустрэчы былі каля храмаў вялікія — па 300 чалавек прыходзіла ў Мінску, у
Брэсце. У Гомелі ёсць дом у дэмакратаў, у Магілёве ёсць дом, у
Віцебску, у Гродне — мы збіраемся, і там па 100 чалавек спакойна
прыходзіць. Дарэчы, зараз міліцыя больш асцярожна дзейнічае. Я езджу па
краіне, і мяне ні разу не спынілі. Ажно неяк прыкра — ніякай павагі
няма!”
Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў
пахваліўся, што яму дзеля сустрэч з людзьмі хавацца па кустах ды лазнях
не даводзілася. Затое выпадала бываць на фермах і на рынках.
Рыгор Кастусёў: “Сустрэчы
былі і на фермах, і на рынках, і каля завадскіх прахадных. І на вуліцах
былі нечаканыя сустрэчы — размаўляць даводзілася з людзьмі. Я не
хаваўся нідзе па лазнях і кустах, але ў Палацы рэспублікі таксама не
было сустрэч!”
А сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі
шчыра прызнаўся, што ўсе яго сустрэчы праходзілі ў прыстойных
памяшканнях. Ні табе шашлыкоў, ні лазняў, ні аграсядзіб, ні фермаў з
рынкамі. А самай запамінальнай назваў сустрэчу гэтым летам на беразе
возера ў Міёрскім раёне.
Фота: Змітра Лукашука і з інтэрнэт-старонкі Яраслава Раманчука