Канфлікт нафтавых і харчовых карпарацыяў зрабіў з нас “лузераў”

Беларусь сама рэгулюе цэны на прадукты, таму яны часта не адпавядаюць сусветным цэнам, лічыць эканаміст Леанід Заіка. Прытым намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Андрэй Кабякоў сцвярджае, што кошты сталі павялічвацца ў сувязі з ростам цэн на суседніх рынках. Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці праўда рост цэнаў у нашых суседзяў уплывае на цэны ў Беларусі. Эканаміст Леанід Заіка згодны з такім меркаваннем. Але на яго думку, гэта далёка не асноўны фактар. Больш важна, лічыць ён, што хоць у Беларусі і адкрытая эканоміка – то бок, унутраныя цэны павінны раўняцца знешнім – урад усё адно спрабуе самастойна рэгуляваць цэны ўнутры краіны.

Леанід Заіка:
“На жаль, пакуль урад займаўся тым, што спрабаваў цэнамі кіраваць. І на шматлікія тавары ў нас цэны вышэйшыя, чым на сусветным рынку, а на іншыя ніжэйшыя. Мы вось куплялі летась у Францыі мяса птушкі за 60 цэнтаў кілаграм, а ў нас прадаецца за 3 долары. Калі мы будзем цэны тармазіць, тады мы проста патрапім у сітуацыю, калі з нашай краіны будуць гэтыя тавары вывозіцца ў суседнія краіны”.

Першы намеснік міністра эканомікі, старшыня Камітэту цэн пры Міністэрстве Уладзімір Адашкевіч, аднак, не лічыць, што ў нас адбываецца скачок цэнаў. На ягоную думку, паступовае павелічэнне цэнаў адбывалася заўсёды.

Уладзімір Адашкевіч:
“У нас плаўна ідуць змены. Напрыклад, па прадукцыі сельскай гаспадаркі, па асноўных групах прадуктаў харчавання. У нас змяняюцца закупачныя цэны. Сёлета мяняліся на малако, на мяса. Натуральна, адбываюцца паступовыя змянненні цэнаў на прадукцыю, звязаную з жывёлагадоўляй. Тое ж самае пэўныя змены адбываюцца з цэнамі, звязанымі з раслінаводства”.

Аднак самай асноўнай прычынай роста цэнаў у Беларусі, як не дзіўна, эканаміст Леанід Заіка лічыць хуткую змену ўлады ў ЗША. На думку спецыяліста, менавіта рэспубліканцы, якія верагодна саступяць кіраўніцтва Штатамі дэмакратам, спрабуюць сарваць апошнюю капеечку з буйных нафтавых карпарацыяў.

Леанід Заіка:
“На маю думку, асноўная прычына росту цэнаў – гэта эгаізм буйных карпарацыяў, перш за ўсё нафтавыя карпарацыі. Наступае перыяд, калі, відавочна, улада ў ЗША пяройдзе ад рэспубліканцаў да дэмакратаў. А рэспубліканцы – гэта тыя, хто падтрымліваюць нафтавыя карпарацыі. І спрабуюць на апошняй хвалі лішніх пару долараў схапіць, па вялікім рахунку”.

У той жа час, калі падскочылі кошты на нафту, аграрныя карпарацыі таксама сталі падвышаць кошты на сваю прадукцыю. І вось менавіта гэты канфлікт нафтавых і аграрных карпарацыяў, па словах спадара Заікі, і зрабіў з нас, звычайных спажыўцоў, “лузераў”.

Леанід Заіка:
“Вось сутыкнуліся дзве групы інтарэсаў: нафтавыя карпарацыі і харчовыя кампаніі. У выніку ўсе мы аказаліся... я б сказаў так... лузерамі”.

Трэба зазначыць, што існуе і яшчэ адзін аб’ектыўны фактар падвышэння цэнаў. Ён звязаны з недахопам пэўных рэсурсаў ці са зменай арыентацыі сусветнай вытворчасці. Да прыкладу, калі пачалі будаваць касмічныя ракеты ды падводныя лодкі, павялічыўся попыт на тытан. На думку спецыялістаў, дарэчы, ужо праз 10-15 год нам варта чакаць недахопу чыстай вады, што павялічыць цэны і на гэты прадукт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі