Казакевіч: У "чорны спіс" можна ўключыць некалькі тысяч чалавек, але навошта?

“Чорны спіс” Еўрасаюза мае для беларускіх чыноўнікаў хутчэй сімвалічны эфект. Але незаўважаным не застанецца. Такое меркаванне ў гутарцы з Еўрарадыё выказаў палітолаг Андрэй Казакевіч. Казакевіч: Перш за ўсё гэта сімвалічны захад, які хутчэй будзе мець псіхалагічны эфект, чым нейкі эфект рэальны. Прынамсі тое, што яны былі заўважаныя за дзеяннямі, якія былі кваліфікаваныя як парушэнне правоў Еўрапейскім Саюзам. Мяркую, так ці інакш на большасць гэта будзе ўздзейнічаць у той ці іншай ступені. Цяжка сказаць, якая ў выніку будзе рэакцыя.

Нагадаем, што ў спіс увайшлі 158 персаналіяў. На думку эксперта, вялікі пералік мог спрычыніцца да таго, што ў спіс трапілі выпадковыя людзі.

Казакевіч: Я так разумею, што спіс часткова складзены з тых, хто быў заўважаны ў нейкіх парушэнняў, а частка была ўключаная туды па фармальных прыкметах. Тыя, хто быў уключаны фармальна, то, напэўна, ёсць людзі, якіх можна лічыць у той ці іншай ступене выпадковымі. Але мне падаецца, гэта ў любым выпадку непазбежна, калі ідзе размова пра больш-менш шырокі спіс.

Разам з тым Казакевіч не бачыць неабходнасці ў значным пашырэнні еўрасаюзаўскага “чорнага спісу”.

Казакевіч: Калі казаць пра шырокую рамку: тыя, хто так ці інакш мелі дачыненне да фальсіфікацыі выбараў, да парушэння правоў, — то, канечне, гэты спіс можна пашырыць на некалькі тысяч. Але гэта зноў жа пытанне: як падыходзіць? Ці ёсць сэнс гэты спіс значна пашыраць?

Нагадаем, што беларускія ўлады ўжо заявіл, што падрыхтуюць адэкватны адказ на меры, прынятыя Еўрасаюзам і Злучанымі Штатамі.


Фота: Аrche