Казулін пра суд Варламава: У суд мяне не выклікалі і не апытвалі
Былы рэктар БДУ, дзе працаваў Саша Варламаў, распавядае Еўрарадыё, ці выступіць у судзе над мадэльерам і чаму той карыстаўся памяшканнямі гэтай ВНУ.
Мадэльера Сашу Варламава вінавацяць найперш у злоўжыванні службовым становішчам. Пераважную большасць гэтых “злоўжыванняў” ён здзейсніў падчас супрацоўніцтва з БДУ, куды яго нібыта запрасіў сам тагачасны рэктар Белдзяржуніверсітэта Аляксандр Казулін. Калі на судзе ў якасці сведкі чакаць чалавека, які, паводле слоў Варламава, асабіста прапанаваў яму “зрабіць цікавы праект”?
Еўрарадыё: Ці запрашалі вас выступіць на судзе ў якасці сведкі?
Аляксандр Казулін: Не. А чаго? Я ўжо 10 гадоў у БДУ не працую.
Еўрарадыё: Але Варламаў у сваіх паказаннях вяртаецца да 1998-1999 гадоў, калі вы былі рэктарам БДУ, узгадвае вас і тое, што менавіта з вашай ініцыятывы ствараўся сумесны праект БДУ і “Агенцтва Сашы Варламава”. Лагічна меркаваць, што вас захочуць пачуць і следства, і суд.
Аляксандр Казулін: Не, ніхто мяне чамусьці не хоча!
Еўрарадыё: Ці праўда, што вы асабіста запрасілі да сябе Варламава і прапанавалі “зрабіць цікавы праект”?
Аляксандр Казулін: Столькі гадоў прайшло, што цяпер дакладна і не ўзгадаеш, што было… Трэба разумець, што творчыя людзі заўсёды могуць прынесці нешта цікавае. Але неабходна, каб за кожным чалавекам быў нейкі кантроль. Бо калі кантролю няма, то гэтая творчасць можа выйсці бокам.
Еўрарадыё: Згодна са словамі Варламава, з боку БДУ сродкаў для правядзення розных мерапрыемстваў, удзелу ў паказах выдзялялася недастаткова. Таму і даводзілася “выкручвацца”. Ці сапраўды БДУ не заўсёды адпаведным чынам спраўляўся з фінансаваннем гэтага накірунку дзейнасці?
Аляксандр Казулін: Вы задаяце такія цікавыя пытанні! Вось вы задайце сабе пытанне, ці памятаеце вы, што было 10 гадоў таму, у асабістых дробязях. Так і я — тут жа прайшло колькі гадоў! Нават калі нешта такое і было, то цяжка ўжо гэта ўзгадаць. Так, што працаваў, што быў творчы чалавек — гэта было. Але я ж вам кажу: рэалізацыя кожнай ідэі патрабуе творчасці, але любая творчасць патрабуе, каб за ёй сачылі.
Еўрарадыё: Варламава абвінавачваюць, што ён выкарыстоўваў памяшканні БДУ, а дакладней — Ліцэя БДУ, для правядзення там платных заняткаў. Наколькі я разумею, выкарыстоўваў іх бясплатна…
Аляксандр Казулін: Але ён там, напэўна, быў у якасці структуры БДУ! “Юніверсал Модэлс” — гэта ж структура БДУ. Дык дзе ж яна яшчэ можа быць? Зразумела, што ў памяшканнях БДУ.
Еўрарадыё: Згаданая вамі структура пры БДУ была створаная не без вашага ўдзелу. А ці цікавіліся вы час ад часу яе дзейнасцю, тым, куды студэнткі БДУ ездзяць, на якія паказы?
Аляксандр Казулін: Вельмі цікавы момант: вы, нібыта следчы, мяне пачынаеце дапытваць! Вы ж самі разумееце, што ў рэктара адказнасці — вышэй за галаву. І кожны адказвае за свой накірунак, толькі і ўсяго.
Еўрарадыё: Можа да вас прыходзілі студэнткі БДУ са скаргамі на Варламава і на свой удзел у дзейнасці “Юніверсал Модэлс”: падманваюць, з сутачнымі круцяць, возяць не туды?
Аляксандр Казулін: Наколькі я бачу з прачытанага, усе скаргі пайшлі пасля 2004 года. І ўсе пытанні, і ўсе праблемы.
Еўрарадыё: Усё ж — як вы ставіцеся да працэсу над Варламавым?
Аляксандр Казулін: Трэба пабачыць, чым гэта ўсё скончыцца. Што будзе, якія доказы, што сведкі будуць казаць. Гэта ж пытанне такое…
Нагадаем, Сашу Варламава абвінавачваюць у выкарыстанні службовых памяшканняў БДУ для правядзення платных заняткаў "Агенцтва моды Сашы Варламава". Мадэльер нібыта краў заробак супрацоўнікаў Цэнтра моладзевай моды БДУ, на пражыццё траціў адну суму, а ў бухгалтэрыю БДУ прадстаўляў квітанцыі на большую, забіраў усе сутачныя, якія прызначаліся для дэлегатаў. Ужо амаль 2 гады Варламаў знаходзіцца ў СІЗА. Суд над ім пачаўся 4 лютага.
Фота: rus.azattyq.org, gazetaby.com