Кенійскі мільянер намераны купіць калгас у Беларусі

Кенійскі мільянер намераны купіць калгас у Беларусі

Кенійскі мільянер Наўшад Мералі намераны купіць у "Белінвестбанка" аграфірму "Фалічы". Як паведамляе прэс-служба банка, адпаведны мемарандум аб намерах 6 красавіка падпісалі банк і група кампаній "Самір", старшынёй якой з'яўляецца Мералі.

Кенійскі мільянер наведаў Беларусь на мінулым тыдні і правёў шэраг сустрэч ва ўрадзе і беларускіх дзяржаўных органах. 

"Фалічы" знаходзяцца ў Старадарожскім раёне Міншчыны. Гэта стратная гаспадарка. Як піша tut.by, "Белінвестбанку" калгас дастаўся ў 2004 годзе паводле ўказа Аляксандра Лукашэнкі па фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый. Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі. 

Наўшад Мералі ўзначальвае Sameer Group, якая ўяўляе сабой кангламерат з 15 кампаній. Асноўныя сферы інтарэсаў кенійскага бізнэсоўца ў Беларусі — гэта аўтатрактарная тэхніка, шыны, аграбізнес, будаўніцтва.

Гадавы абарот групы кампаніяў "Самір" складае больш за 1 млрд долараў. У іх працуюць 24 тысячы чалавек. Мералі ўваходзіць у лік 50 найбагацейшых бізнесоўцаў Афрыкі. Яго маёмасць у 2015 годзе ацэньвалася ў 370 млн долараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі