Кіроўцу пабудзяць пярсцёнак і бранзалет
Індыкатары запамінаюць стан чалавека, прымаючы фізічныя
паказанні скуры. Пры адхіленні ад нормы ў бок рэлаксацыі цуда-прыстасаванне
выдае гучныя сігналы. Калі ў гэтым выпадку кіроўца не націсне адпаведную
кнопачку, прылада аўтаматычна запускае аварыйную сігналізацыю і блізкае святло
фараў.
Паводле інфармацыі
Міністэрства транспарту, штогод у нашай краіне з-за стамлення або засынання
адбываецца каля 70 здарэнняў, у якіх гіне больш за 20 і атрымлівае раненні
больш за 80 чалавек.
Аднак чамусьці ў серыйную
вытворчасць прыстасаванне трапіла ў Расіі, дзе каштуе каля 540 долараў. Чаму
так атрымалася?
Пра гэта расказвае вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі
эргатычных сістэм Аб’яднанага інстытута машынабудаўніцтва Нацыянальнай акадэміі
навук Беларусі Уладзімір Саўчанка:
“Работы пачаліся больш за
20 гадоў таму. Затым былі зроблены сістэмы для чыгуначнага транспарту. Пасля
развалу Савецкага Саюза вытворчасць была працягнута ў Расіі. Там вырабляліся
“прабабулі” тых сістэм, пра якія мы цяпер гаворым. Яны больш за 10 гадоў
адпрацавалі на расійскай чыгунцы.
З сярэдзіны 1990-х мы пачалі вырабляць такія
сістэмы для аўтатранспарту. Зрабілі шэраг макетаў, доследны ўзор і паспрабавалі
паставіць на вытворчасць у Беларусі, але, на жаль, гэтага не атрымалася.
З
шэрагу прычын — перш за ўсё ў выніку абмежаваных тэхнічных магчымасцяў і
патрабавання вырабляць гэту сістэму цалкам тут”.
Па словах спадара
Саўчанкі, прадукт дастаткова энергаёмісты, а элементная база, што выкарыстоўваецца
ў ім, асабліва ў галіне блізкай тэлеметрыі, унікальная і не мае аналагаў у
свеце. Працэсар для прылады па замове расійскай фірмы “Нейраком” давялося
вырабляць у Японіі.
Адпаведна, Масква і засталася галоўным выканаўцам і
рэалізатарам праекта. Што датычыць Беларусі, то летась прыстасаванне прайшло
выпрабаванне экіпажам кіроўцаў-міжнароднікаў з мінскага аўтапарку №2. Пра гэта
распавёў намеснік дырэктара парка па бяспецы дарожнага руху Пётр Бакавец:
“Ёсць у нас людзі, якія
“за”, якія — “супраць” і якія — устрымаліся. Прычым большасць кіроўцаў,
верагодней, будуць супраць. Таму што, “як гэта я засыпаю?! Да я ніколі не
сплю!” Але для самакантролю гэта карысная рэч.
Між тым, тыя кіроўцы, якія
выпрабоўвалі яе, супраць гэтай прылады нічога не мелі. Яны паставіліся з
вялікім разуменнем і цікаўнасцю. Чалавек едзе за рулём і нават не заўважае
гэтай мяжы паміж бадзёрасцю і плаўным пераходам да дрымоты, бо наступае гэтак
званы “дарожны гіпноз””.
Аднак выпрабаванні яшчэ
не завершаныя. Паводле Саўчанкі, прайшоў толькі першы этап:
“Мы ўзялі доследны ўзор,
выпрабавалі яго, адкаталі. На гэтым этапе вынікі станоўчыя. Наступны крок,
другі-трэці квартал, будуць кваліфікацыйныя выпрабаванні.
Абсталююць 5—10
транспартных сродкаў: аўтобусы, дальнабойшчыкі — і будуць далей праводзіць
выпрабаванні, ва ўсялякім выпадку Мінтранс гэта планаваў”
Навукоўцы спадзяюцца, што
ўкараненне гэтага прыстасавання дазволіць у будучыні пашырыць яго магчымасці.
Калі сёння такая сістэма выкарыстоўваецца на расійскай чыгунцы і выпрабоўваецца
на аўтатранспарце, то ў далейшым яе можна будзе ўжываць для дыспетчараў, у
авіяцыі, на хімічных прадпрыемствах або атамных электрастанцыях – словам,
усюды, дзе чалавечы фактар можа сыграць фатальную ролю.
Фота — valday.com