Клічко канфіскаваў ва ўдзельніка Майдана каску са свастыкай (відэа)
У нядзелю на Майдане Незалежнасці ў Кіеве прайшло чарговае "народнае веча", у якім удзельнічалі некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.
Лідар парламенцкай фракцыі "Удар" Віталь Клічко са сцэны заявіў, што пасля калядных і навагодніх святаў будзе абвешчаны агульнанацыянальны страйк. Калі ўлада робіць выгляд, што не чуе народ, то народ будзе аказваць ціск на ўладу, сказаў палітык.
Пабачыўшы са сцэны дзіўную каску на адным з пратэстоўцаў, Клічко падышоў да яго (на відэа гэты эпізод гл. ад 1.18). "Дайце яе сюды, калі ласка", — сказаў ён ды забраў каску, на якой былі намаляваныя серп і молат ды свастыка. Верагодна, мужчына падкрэсліваў, што і камунізм, і нацызм — таталітарныя ідэалогіі. Ён, дарэчы, не абразіўся на канфіскацыю, аднёсся да яе з разуменнем — лідары акцый пратэсту сёння зноў заклікалі ўстрымацца ад экстрэмізму, у тым ліку і ў сімволіцы.