Напрыканцы лістапада 2013 года тагачасныя ўлады Украіны адмовіліся падпісваць Пагаднення аб асацыяцыі з Еўрасаюзам. Дакумент павінны былі падпісаць на віленскім саміце "Усходняга партнёрства". Гэта стала нагодай для масавых пратэстаў у Кіеве, а таксама ў іншых украінскіх гарадах.
21 лістапада пачаліся першыя вулічныя акцыі.
Пратэстуючыя ўсталявалі намёты на Майдане Незалежнасці ва ўкраінскай сталіцы і знаходзіліся там круглыя суткі. У ноч на 30 лістапада 2013 года спецназ збіў дзясяткі актывістаў, пасля чаго сотні тысяч грамадзян выйшлі на вуліцы.
Акцыі пратэсту, якія працягваліся да канца лютага 2014 года, атрымалі назву Еўрамайдан, а пазней — Рэвалюцыя Годнасці.
Падчас гэтых акцый загінуў беларус Міхаіл Жызнеўскі, які ў 2017 годзе пасмяротна атрымаў званне Героя Украіны.
Хлопца забілі раніцай 22 студзеня 2014 года стрэлам паляўнічай кулі ў сэрца на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве.
Два гады таму 21 лістапада група байцоў палка Каліноўскага ўшанавала памяць героя на месцы яго гібелі.
— Беларусы і зараз змагаюцца на баку Украіны, таму што мы падзяляем жаданне і права народа жыць без дыктатуры і прыгнёту імперскага суседа як ва Украіне, так і ў Беларусі, — нагадалі яны.