Коласаўскі тэатр паставіў “Дзікае паляванне караля Стаха”
Наступленне новага, 2015-га, года Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа адзначае новым спектаклем.
Прэм’ера містыфікацыі “Дзікае паляванне караля Стаха” паводле аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча адбудзецца З студзеня, а 18-й гадзіне, на вялікай сцэне тэатра.
“Уладзімір Караткевіч — знакавая постаць як для ўсёй беларускай культуры, так і для нашага тэатра, яго героі не ў першы раз ажываюць на Коласаўскай сцэне. Спектаклі “Званы Віцебска”, “Ладдзя роспачы”, “Леаніды не вернуцца да зямлі”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” паспяхова праходзілі ў тэатры”, — адзначыў кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі тэатра Алесь Замкоўскі.
Над спектаклем працавалі вядомыя ў Віцебску і па-за яго межамі тэатральныя майстры. Інсцэніроўка і пастаноўка Юрыя Лізянгевіча. Сцэнаграфія і касцюмы Святланы Макаранкі. Пластыка і харэаграфія Дзіяны Юрчанкі. Музычнае афармленне Аляксандра Крыштафовіча.
У галоўных ролях занятыя і маладыя,і дасведчаныя артысты: Дзмітрый Каваленка (Андрэй Беларэцкі), Юлія Крашэўская (Надзея Яноўская), Віктар Дашкевіч (шляхціц Дубатоўк), Цімур Жусупаў (Берман-Гацэвіч), Уладзіслаў Жураўлёў (Свеціловіч), Тамара Кабяк (пані Кульша), Аляксандр Фралоў (селянін Рыгор).
Акрамя таго, прэм’ерны спектакль з’яўляецца бенефісным для артыста-коласаўца, вядучага майстра сцэны Віктара Дашкевіча, які працуе ў Коласаўскім тэатры з 1973 года.
Пасля прэм’еры сябры, знаёмыя, родныя, прадстаўнікі тэатра і ўладаў Віцебшчыны будуць віншаваць Віктара Дашкевіча з 70-годдзем, пішуць Naviny.by
Фота: kolastheatre.by