Колькі каштавалі Магілеву Алег Газманаў і Таццяна Аўсіенка?
На Дзень незалежнасці ў Магілёве выступілі Алег Газманаў і Аляксей Вараб’ёў. Леў Лешчанка, які фігураваў у першапачатковых планах, так і не з’явіўся. Паводле тэндараў, якія абвяшчала мясцовая філармонія на прывоз расійскіх зорак, горад быў гатовы выдаткаваць 156600 рублёў. Такую суму прапаноўвалі заплаціць любому, які забяспечыць прыезд артыстаў і абавязковае выкананне Лешчанкам бессмяротнага “Дня перамогі” і яшчэ трох песень, Газманавым ― пяці песень, а кумірам моладзі Вараб’ёвым ― двух сваіх хітоў.
Даведаўшыся пра такія траты, магілёўцы абурыліся. Дырэктар Магілёўскай абласной філармоніі Дзяніс Шаблінскі у каментарыі БелаПАН пераканаў, што “канцэрт не касавы, ні аднаго квітка на яго не прадаецца. Ніякіх грошай падаткаплацельшчыкаў на яго не траціцца”.
А скандальны тэндар… не адбыўся. Ніводнага жадаючага атрымаць адсотак за прывоз расійскіх зорак у Магілёў не знайшлося.
Колькі тады каштавалі Магілёву Газманаў з Вараб’ёвым?
“Справа ў тым што ў гэты ж дзень Газманаў і Вараб’ёў выступалі ў Гомелі, ― тлумачаць прадстаўнікі Магілёўскай філармоніі. ― Таму была заключаная дамова з той арганзацыяй, якая іх прывезла з Масквы, бо фактычна ў іх правы на артыста”.
Як даведалася Еўрарадыё, у Гомель Алега Газманава прывозіў мясцовы ДК “Фестывальны”. Там мерапрыемства было таксама прымеркаванае да Дня незалежнасці, але было камерцыйным, квіткі на сольны канцэрт артыста каштавалі ад 14 да 46 рублёў.
“Не, да Магілёва мы не маем ніякага дачынення, ― кажуць у канцэртным аддзеле ДК “Фестывальны”. ― Магілёў сам дамаўляўся. А што ў гэтым такога!? Чалавек можа за адзін дзень выступіць колькі пажадае і дзе пажадае!”
Цікава, што і ніякай інфармацыі пра выступ Вараб’ёва ў іншых беларускіх гарадах няма. Але неяк жа ён прыехаў у Беларусь і адспяваў свае “нятленкі” ў Магілёве.
Выступ Вараб'ёва і Газманава ў Магілёве. Фота: mogilevnews.by
У Магілёве Газманаў спяваў каля 30 хвілін, а замест Льва Лешчанкі ў свяце ўзяў удзел Ансамбль МУС. “Атрымалася танней, чым мы планавалі раней, але на колькі, не магу вам сказаць, бо дакладнай інфармацыяй не валодаю”, ― рэзюмуюць у магілёўскай філармоніі.
Так склалася, што ў сераду 28 чэрвеня Магілёў святкаваў яшчэ і сваё 750 годдзе. Тут артыстаў падбіралі менш касавых: гурт “Лейся песня”, Таццяна Аўсіенка ды Вольга Кармухіна. Іх прывоз таксама планавалася забяспечыць праз тэндэр, агульны кошт ― 83 100 рублёў.
Былі нават пададзеныя дзве заяўкі на ўдзел у тэндары, але абедзве былі адхіленыя з тэхнічнай фармулёўкай “не адпавядае патрабаванням конкурсных дакументаў (тэрмін дзеяння праапановы складае менш за 90 календарных дзён. Тэрмін дзеяння прапановы ўдзельніка да 01.09.2017)”.
“Калі запаўняеш заяўку, выдае камп’ютарную форму. Яно само фармуе заяўку і ты толькі падпісваеш, ― распавядае адзін з удзельнікаў тэндера, бабруйскі ПУП “Арт-сіці цэнтр”. ― Гэта як у ВНУ, ведаеце, здаеш курсавую, а выкладчык кажа, што водступ злева мусіць быць два сантыметры, а справа ― тры. Але ў цябе не так, і таму табе курсавую заразаюць, хоць па тэксце там усё выдатна. Такую памылку і зрабілі!”
У выніку і Таццяна Аўсіенка, і “Лейся песня” выступалі ў Магілёве, але па-за тэндэрам. Таму, за якія грошы, таксама не вядома.
Дарэчы, ў тэндары на свята горада Магілёва была прапанова толькі на адзін беларускі гурт ― “Стары Ольса”. За прывоз мінскіх музыкаў прапаноўвалі 4000 рублёў. Гэта ў пяць разоў менш чым за Аўсіенку. Тэндар не адбыўся, але “Ольса” выступіў на свяце, атрымаўшы яшчэ меншы ганарар.