“КоммерсантЪ”: энергетычная блакада Беларусі звязаная з будаўніцтвам АЭС
Каментуючы вынікі чарговай “нафтавай вайны” паміж Расіяй і Беларуссю, газета “КоммерсантЪ” сцвярджае, што тактыка "энергетычнай блакады", якой карыстаўся Крэмль, ізноў прынесла плён. Цяпер беларускі бок вымушаны шукаць новых інвестараў для сваіх нафтаперапрацоўчых заводаў, а “надзеі дзяржаўных беларускіх НПЗ зарабіць на перапрацоўцы таннай расійскай нафты хаця б тыя ж сумы, што былі заробленыя ў 2009 годзе знішчаныя”. Спасылаючыся на крыніцы ў расійскім урадзе, “Ъ” прагназуе, што не пазней за 1 кастрычніка адбудуцца міждзяржаўныя перамовы РФ і Беларусі “па ўсім крузе энергапытанняў — нафта, газ, будаўніцтва АЭС". Такім чынам, будаўніцтва АЭС пастаўленае ў адзін шэраг з іншымі энергетычнымі пытаннямі, у якіх Расія зараз мае надзвычай трывалую пазіцыю і можа дамагацца выканання сваіх умоваў.