Кругласутачныя аптэкі ў Мінску могуць закрыць?

Днямі з’явілася інфармацыя, што ў Беларусі могуць закрыць начныя аптэкі. Маўляў, ім няма каго абслугоўваць, увесь начны кантынгент аптэк – гэта наркаманы, прастытуткі і п’яніцы. У Міністэрстве аховы здароўя такую інфармацыю абвяргаюць. Кажуць, кругласутачныя аптэкі былі, ёсць і будуць.
Сапраўды, працаўнікі кругласутачных аптэк Мінска наракаюць на тое, што па начах працаваць нявыгадна – выручка малая. Дый і попытам ноччу карыстаюцца толькі аднаразовыя шпрыцы і прэзерватывы. Кажуць, магчыма нават тое, што з часам такія аптэкі закрыюць, першымі стануць камерцыйныя ўстановы.

Аптэка на праспекце Незалежнасці: “Хутчэй за ўсё зачыняць камерцыйныя аптэкі, таму што няма каго абслугоўваць – наркаманы, прастытуткі, п’яніцы, бамжы... Вось і ўвесь начны персанал. Прастытуткі набываюць прэзерватывы, падмыванні розныя, заразу ўсялякую... Іншыя – шпрыцы набываюць, тут адразу і прыстройваюцца, колюцца ў калідоры адразу”.

Альтэрнатывай начным алкагольным крамам могуць стаць шматлікія кругласутачныя аптэкі, дзе аматары выпіць заўсёды знойдуць настойку глогу, а наркаманы – аднаразовы шпрыц.

У Міністэрстве аховы здароўя нас запэўнілі, што нягледзячы на гэта, кругласутачным аптэкам нішто не пагражае. Зачыняць іх ніхто не збіраецца, кажа начальнік фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Беларусі Людміла Равуцкая:

“Не, мне пра гэта нічога не вядома... Нейкая бязглуздзіца. Абсалютная няпраўда. Начныя аптэкі былі, ёсць і будуць”.

Аптэкар з камерцыйнай 24-гадзіннай аптэкі ў цэнтры Мінску ўпэўненая, што іх аптэку “новаўвядзенні” не закрануць, бо яны вельмі патрэбныя:

“Зачыняць? Наадварот, іх адчыняюць. Нас дакладна не зачыняць... У нас столькі ўдзячнасцяў, мы тут вельмі патрэбныя”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі