Латвійскі ўрад абмяркоўвае санкцыі для прыхільнікаў Лукашэнкі
Будынак Кабінета міністраў, Латвія / ru.delfi.lt
25 жніўня ўрад Латвіі ўвесь дзень абмяркоўвае персанальныя санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні на выбарах і сілавое падаўленне вулічных пратэстаў. Па стане на 17:30 рашэнне не прынята.
"Пакуль што я не магу нічога пракаментаваць, таму што зараз санкцыі яшчэ не ўведзеныя. Але абмеркаванне гэтага пытання ўсё яшчэ працягваецца", — распавёў Еўрарадыё прэс-сакратар кабінета міністраў Рэйніс Гравіціс.
Гаворка ідзе аб нацыянальных санкцыях — забароне на ўезд у краіну.
Некаторыя рашэнні па Беларусі сёння ўжо прынятыя. Урад Латвіі вырашыў вылучыць 150 тысяч еўра з бюджэтнай праграмы "Сродкі для непрадбачаных выпадкаў" на падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ ў Беларусі.
19 жніўня пра намер увесці персанальныя санкцыі ў дачыненні да 32 беларускіх чыноўнікаў, у ліку якіх кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, заявіла МЗС Літвы. Паведамлялася, што пад санкцыі патрапяць супрацоўнікі Цэнтрвыбаркама, АМАПу і КДБ.
19 жніўня міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус сказаў, што "мы пачалі працэс і ўжылі нацыянальныя санкцыі супраць тых, хто здзяйсняў гвалт, ужываў празмерную сілу, супраць кіраўнікоў устаноў, адказных за гэтыя дзеянні, супраць тых, хто фальсіфікаваў выбары". Цяпер санкцыйны спіс павінна зацвердзіць МУС Літвы. Па стане на 25 жніўня аб увядзенні санкцый афіцыйна не абвешчана.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.